March 25, 2005

25 сакавіка беларусы Варшавы ўганаравалі памяць генэрала Булак-Балаховіча

пятніца, 25 сакавіка 2005, 17:33
Аляксей Дзікавіцкі, Варшава


Сёньня ў Варшаве з нагоды Дня волі беларускія і польскія студэнты ўшанавалі памяць генэрала Станіслава Булак-Балаховіча, які быў забіты ў польскай сталіцы ў часе другой Сусьветнай вайны.

На адным з будынкаў па вуліцы Парыскай, што ў Варшаве прымацаваная мэмарыяльная шыльда ў гонар Станіслава Булак-Балаховіча, які, як мяркуецца, быў забіты недалёка ад гэтага мейсца.

Маладыя беларусы і палякі – сябры “Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі” і фундацыі “Беларусь” – усклалі каля шыльды белыя і чырвоныя ружы і прасьпявалі гімн “Магутны Божа”.

Гаворыць удзельніца мерапрыемства Паліна Панасюк:

(Панасюк: ) “Балаховіч гэта нацыянальны герой Беларусі, які фактычна дапамог паўстаць Беларусі, як дзяржаве. Таму мы лічым, што ўшанаваць памяць гэтага чалавека ў гэты дзень – дзень Волі, гэта наш абавязак”.

Крыніца

March 14, 2005

У Бэльгіі адбылося набажэнства і мітынг беларусаў

панядзелак, 14 сакавіка 2005, 22:12
Аляксей Дзікавіцкі, Варшава


У бэльгійскім горадзе Лювэн адбыліся жалобнае набажэнства і мітынг з нагоды ўгодкаў сьмерці выбітнага беларускага кампазытара Міколы Равенскага.


Каля магілы, дзе пахаваны Мікола Равенскі, сабраліся сябры Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня і грамады "Сьвяты Язафат" – парафіяне Беларускай Царквы Ўваскрасеньня Хрыстовага горада Антвэрпэна – яны трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і харугву Згуртаваньня Беларускай Моладзі, якая была зроблена яшчэ ў 1948 годзе.

(Кабанчук: ) “Гэта чалавек, чыё імя вядомае ва ўсім сьвеце. Калі ён памёр, дык кружэлкі зь ягонай музыкай былі распаўсюджаныя і ў Эўропе і ў сьвеце. Датаго ж Мікола Равенскі напісаў музыку да духоўнага гімну беларусаў “Магутны Божа”, – кажа Вадзім Кабанчук, які браў удзел у мерапрыемстве.


Сярод ганаровых гасьцей былі прадстаўнікі Рады БНР Янка Жучка і Аляксей Арэшка, якія асабіста ведалі кампазытара. Спадар Жучка выступіў з прамовай, быў зачытаны таксама даклад аб жыцьці і творчасьці Міколы Равенскага.


Пазьней сьвятар Ян Майсейчык адслужыў Паніхіду, а прысутныя прасьпявалі малітву "Магутны Божа", музыку для якой напісаў Мікола Равенскі.

Крыніца