November 2, 2005

Беларусы адзначаюць Дзяды ў Эўропе

серада, 2 лістапада 2005, 13:41
Аляксей Дзікавіцкі, Варшава


Дзяды адзначалі таксама беларусы Францыі, Бельгіі і Галяндыі, якія наведалі і добраўпарадкавалі магілу выбітнага беларускага кампазітара Міколы Равенскага ў Лювэне, а таксама ўзялі ўдзел ва ўрачыстай імшы ў беларускай царкве ў Антвэрпэне.


Беларусы, пераважна з Францыі і Бэльгіі зьехаліся ў Лювэн, каб распачаць новую традыцыю – адзначаць Дзяды на магіле Міколы Равенскага. Магілу кампазытара шмат гадоў ніхто рэгулярна не даглядаў, але цяпер, як кажа старшыня Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня Зьміцер Піменаў, сытуацыя зьменіцца.

(Піменаў: ) “Мы шмат гадоў не маглі вызначыцца, дзе нам адзначаць Дзяды. І калі пры дапамозе сябра Рады БНР спадара Жучкі знайшлі магілу Міколы Равенскага, дык вырашылі, што будзем рабіць гэта менавіта там. Мы добраўпарадкавалі магілу. Мікола Равенскі для нас гэта ня толькі кампазытар, але і сымбаль сувязі пакаленьняў, сувязі с тымі, хто ваяваў за нашую свабоду з Каліноўскім, Касьцюшкам”.


Пасьля таго, як на магіле Міколы Равенскага была адпраўлена паніхіда за спачын ягонае душы, у беларускай царкве ў Антвэрпэне адбылася літургія ў інтэнцыі ўсіх продкаў. Адметна, што сёлета ў сьвяткаваньні Дзядоў у Бэльгіі ўзялі ўдзел шмат маладых беларусаў. Працягвае Зьміцер Піменаў.

(Піменаў: ) “Дзякуй Богу, дзякуючы працы нашага сьвятара айца Яна, у нас стварылася вельмі добрая арагнізацыя палітычных уцекачоў – мы сапраўды аб’яднаныя нацыянальнай ідэяй і нікому з гэтых маладых людзей ня трэба тлумачыць, хто такі Мікола Равенскі – гімн “Магутны божа”, музыку да якога ён напісаў, мы сьпяваем кожную нядзелю ў нашай грэка-каталіцкай царкве”.

Крыніца

October 31, 2005

Беларусы Варшавы таксама адзначалі Дзяды

панядзелак, 31 кастрычніка 2005, 16:54
Аляксей Дзікавіцкі, Варшава


Сёньня Дзяды адзначалі беларусы Варшавы. Яны наведалі праваслаўныя Вольскія могілкі польскай сталіцы, а таксама месца, дзе ўсталяваная мэмарыяльная шыльда памяці генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.

На праваслаўных Вольскіх могілках у Варшаве, беларусы, што жывуць у польскай сталіцы наведалі магілу выбітнага беларускага дзеяча і навукоўца спадара Янкі Жамойціна, які памёр два гады таму. На магіле прыстуныя запалілі тры сьвечкі – белую, чырвоную і белую.

Потым каля дзясятку беларусаў паехалі ў іншы бок гораду – туды, дзе ў раёне Саска Кэмпа, на будынку духоўнай сэмінарыі што на вуліцы Францускай, усталяваная мэмарыяльная дошка ў гонар Станіслава Булак-Балаховіча. Там таксама былі запаленыя сьвечкі, а да дошкі прымацаваная бела-чырвона-белая стужка.

Гаворыць Віталь Воранаў са Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі.

(Воранаў: ) “Мы выбралі магілы гэтых вядомых людзей, бо для нас яны – сымбаль пэўнай маральнай чысьціні. Яны ў цяжкіх варунках былі настолькі адважныя, каб змагацца за тую лепшую Беларусь”.

Важным свой удзел у такіх мерапрыемствах лічаць і некаторыя беларускія студэнты, што вучацца ў Варшаве.

(Студэнтка: ) “Я лічу, што гэта важна для кожнага беларуса, які знаходзіцца за мяжой – адчуваць сувязь з роднай краінай”.

Паводле прысутных беларусаў, у Варшаве дагэтуль не дасьледаваная гісторыя пахаваньняў беларускіх дзеячоў, таму на сёньняшні дзень невядома, дзе знаходзяцца іхныя магілы. На Вольскіх могілках леташнія пошукі беларускіх студэнтаў не прынесьлі значных вынікаў.

Крыніца

March 25, 2005

25 сакавіка беларусы Варшавы ўганаравалі памяць генэрала Булак-Балаховіча

пятніца, 25 сакавіка 2005, 17:33
Аляксей Дзікавіцкі, Варшава


Сёньня ў Варшаве з нагоды Дня волі беларускія і польскія студэнты ўшанавалі памяць генэрала Станіслава Булак-Балаховіча, які быў забіты ў польскай сталіцы ў часе другой Сусьветнай вайны.

На адным з будынкаў па вуліцы Парыскай, што ў Варшаве прымацаваная мэмарыяльная шыльда ў гонар Станіслава Булак-Балаховіча, які, як мяркуецца, быў забіты недалёка ад гэтага мейсца.

Маладыя беларусы і палякі – сябры “Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі” і фундацыі “Беларусь” – усклалі каля шыльды белыя і чырвоныя ружы і прасьпявалі гімн “Магутны Божа”.

Гаворыць удзельніца мерапрыемства Паліна Панасюк:

(Панасюк: ) “Балаховіч гэта нацыянальны герой Беларусі, які фактычна дапамог паўстаць Беларусі, як дзяржаве. Таму мы лічым, што ўшанаваць памяць гэтага чалавека ў гэты дзень – дзень Волі, гэта наш абавязак”.

Крыніца

March 14, 2005

У Бэльгіі адбылося набажэнства і мітынг беларусаў

панядзелак, 14 сакавіка 2005, 22:12
Аляксей Дзікавіцкі, Варшава


У бэльгійскім горадзе Лювэн адбыліся жалобнае набажэнства і мітынг з нагоды ўгодкаў сьмерці выбітнага беларускага кампазытара Міколы Равенскага.


Каля магілы, дзе пахаваны Мікола Равенскі, сабраліся сябры Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня і грамады "Сьвяты Язафат" – парафіяне Беларускай Царквы Ўваскрасеньня Хрыстовага горада Антвэрпэна – яны трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і харугву Згуртаваньня Беларускай Моладзі, якая была зроблена яшчэ ў 1948 годзе.

(Кабанчук: ) “Гэта чалавек, чыё імя вядомае ва ўсім сьвеце. Калі ён памёр, дык кружэлкі зь ягонай музыкай былі распаўсюджаныя і ў Эўропе і ў сьвеце. Датаго ж Мікола Равенскі напісаў музыку да духоўнага гімну беларусаў “Магутны Божа”, – кажа Вадзім Кабанчук, які браў удзел у мерапрыемстве.


Сярод ганаровых гасьцей былі прадстаўнікі Рады БНР Янка Жучка і Аляксей Арэшка, якія асабіста ведалі кампазытара. Спадар Жучка выступіў з прамовай, быў зачытаны таксама даклад аб жыцьці і творчасьці Міколы Равенскага.


Пазьней сьвятар Ян Майсейчык адслужыў Паніхіду, а прысутныя прасьпявалі малітву "Магутны Божа", музыку для якой напісаў Мікола Равенскі.

Крыніца