16-17 лістапада, у Дзень салідарнасьці, грамада БНП наведала сталіцу нашай былой дзяржавы – Вільню.
Як вядома, 16 лістапада адзначаецца сьвята Маці Божай Міласэрнасьці, цудатворная Ікона якой знаходзіцца ў славутай віленскай Вострай Браме. Выкарыстоўваючы гэтую нагоду, каб памаліцца перад абразам Апякункі Беларусі і Літвы, а таксама наведаць беларускія памятныя месцы Вільні, сабраліся актывісты Беларускай Нацыянальнай Памяці з Бацькаўшчыны і замежжа.
Грамада наведала знакавыя месцы нацыянальнай гісторыі і культуры, пра якія зараз клапоцяцца нашыя балцкія браты – літоўцы. На вялікі жаль, з нашай ціхай згоды і слабасьці разбураныя рэшткі старасьвеччыны ў Гародні, Менску ды інш. гарадох, у той час калі ў Вільні адноўлены ад нуля Ніжні княскі замак.
Сябры БНП пабывалі каля будынку, дзе калісьці знаходзілася Віленская беларуская гімназія, і дзе зараз усталяваныя памятныя шыльды ў гонар Максіма Гарэцкага і Натальлі Арсеньневай.
Былі наведаныя віленскія могілкі Роса, дзе пахавана шмат беларускіх дзеячоў, ды іншыя памятныя месцы.



На Лукішскай плошчы, дзе быў забіты наш нацыянальны герой К.Каліноўскі, а таксама каля былога кляштару дамініканаў, дзе яго трымалі перад сьмерцю, былі запаленыя зьнічы і прасьпяваны гімн “Магутны Божа”.




Помнік Я. Лялевелю на віленскіх могілках Роса

Помнік А. Міцкевічу каля касьцёла сьв. Ганны

Шыльда на доме, у якім з 1928 да 1939 году жыў Р. Шырма
No comments:
Post a Comment