
Зь беларускай спадчынай усіх прысутных пазнаёміў гурт Гуда. Заснавальніца калектыву Вольга Емяльянчык кажа, што ў пэўным моманце закахалася ў беларускім архаічным сьпеве й зрабіла выбар паміж клясыкай і фальклёрам.
В. Емяльянчык: Я пачала разумець сілу гэтых сьпеваў і іх энэргетыку пасьля таго, як сьвядома зацікавілася беларускай этнічнай культурай, у прыватнасьці, пасьля першых экспэдыцыяў па Беларусі. Я сем гадоў сьпявала клясыку. У пэўным моманце мне трэба было зрабіць выбар. І аўтэнтычны фальклёр мяне зацягнуў з такой сілаю, што я да гэтага часу перакананая, што гэта ня проста сьпевы. Гэта энэргія, якая праходзіць праз многія пакаленьні. Гэтае імкненьне спасьцігнуць сваю этнічную культуру, імкненьне яе захаваць нарадзіла імкненьне ўсё гэта прасьпяваць і прапусьціць празь сябе.
Вікторыя Міхно, Тацьцяна Яцкевіч і Любоў Сівурава, таксама выканаўцы з гурта Гуда, прафэсійна цікавяцца беларускім архаічным сьпевам. Яны езьдзяць ў экспэдыцыі па ўсёй Беларусі, займаюцца рэканструкцыяй касьцюмаў і дасканала ведаюць гісторыю беларускага фальклёру.

Спэцыфіка нашага гурту ў тым, што мы ахопліваем каляндарна-абрадавыя й сямейна-абрадавыя творы. У беларускай традыцыі мужчыны сьпявалі толькі на Каляды й Вялікдзень. Астатнія пелі жанчыны. Лічылася, што жанчына бліжэйшая да Бога, што яна захавальніца спадчыны й традыцыі.
Калі мы сёньня прыедзем у вёску, то, канешне, яшчэ можам пачуць гэтыя сьпевы. На Палесьсі захаваліся вёскі, дзе вясною бабулі ладзяць абрад Пахаваньня стралы. На яго зьяжджаюцца фальклярысты й фіксуюць сам абрад.

Калі гаворка пра назву гурта, то на думку прыходзіць слова "гудзець". Яно і сэмантычна, і па каранёвай аснове набліжаецца да слоў "гусьці”, „гудзець" - выдаваць нізкі працяглы гук. Акрамя гэтага гудамі, гудай звалі беларусаў, якія жылі па ўзьбярэжжы Нёмана нашыя суседзе летувісы. Там былі жмудзіны, а ў нас - гуды.
Наш калектыў сьпявае без музычных інструмэнтаў. Гэта спэцыфіка абрадавых сьпеваў. У Беларусі абрадавая музыка выконвалася жанчынамі акапэла. І ў такім стане традыцыя дайшла да нашых часоў.
Вялікае значэньне маюць касьцюмы, у якіх мы выступаем. Мы займаемся рэканструкцыяй беларускіх касьцюмаў. Гэта справа не аднаго дня, таму мы іх удасканальваем. За ўзор мы бярэм касьцюмы з розных рэгіёнаў Беларусі. Напэўна, каб паўней адлюстраваць спэцыфіку нашых сьпеваў, неабходныя касьцюмы, якія мелі аснову ў больш старадаўніх часах.

Алена Пытэль
Крыніца: Польскае радыё для замежжа
No comments:
Post a Comment