August 14, 2008

БНП у Лёндане

Сябры БНП наведалі Лёндан з мэтай далейшай працы ў бібліятэцы імя Ф. Скарыны, а таксама для ўзгадненьня ўсіх пытаньняў па аднаўленьні помніка Лявону Рыдлеўскаму, віцэ-прэзыдэнту Рады БНР у 50 гг. ХХ, старшыні Саюзу беларусаў у Францыі.

Месца пахаваньня было адшуканае пад час папярэдняга візыту БНП у Лёндане з дапамогай гісторыка Натальлі Гардзіенкі. На жаль, сам помнік, які калісьці быў усталяваны на магіле ўдзельніка Слуцкага Збройнага чыну, не захаваўся. Таму Згуртаваньне Беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ) выступіла зь ініцыятывай аднавіць помнік.


У памяць Л. Рыдлеўскага айцом Сяргеем Стасевічам была адслужана паніхіда, якая завяршылася сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”.


Грамада БНП таксама мела прыемную місію павіншаваць айца Аляксандра Надсана, які 8 жніўня адзначыў свой 82 дзень нараджэньня. Дзякуючы яго нязьменнай падтрымцы і дапамозе былі адшуканыя забытыя магілы некаторых беларускіх дзеячаў, аб чым мы ўжо пісалі на нашым сайце. Мы выказваем а. Аляксандру сваю шчырую падзяку і жадаем здароўя і доўгіх плённых гадоў жыцьця.

August 12, 2008

Працяг і заканчэньне экспедыцыі БНП у Нямеччыне

Пакінуўшы Швайцарыю, грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці (БНП) накіравалася ў Баварыю і Бадэн-Вюртэмбэрг.

Але па дарозе вырашылі заехаць у ваколіцы возера Лютэнзэе, якое знаходзіцца ў Нямеччыне, недалёка ад мяжы. Пад час ранейшай працы сябраў БНП у беларускай бібліятэцы імя Ф.Скарыны ў Лёндане да нас патрапіў здымак з выявай помніка ў гонар Слуцкага Збройнага Чыну, які быў зроблены ў 60-ыя гады мінулага стагодзьдзя. Аднак, не было дакладнай інфармацыі ні пра месца, дзе помнік знаходзіўся, ні пра тое, ці ён увогуле захаваўся.

Прыехалі на месца даволі позна, але ня гледзячы на тое, што ўжо было цёмна, помнік, усталяваны беларусамі ў 1948 годзе, удалося адшукаць. Гэты знак беларускай прысутнасьці на няроднай зямлі ўзрушвае да глыбіні душы. І безумоўна радуе той факт, што помнік не разбураны ўладамі ці апаганены мясцовымі вандаламі. Хочацца сказаць вялікі дзякуй немцам, якія захоўваюць чужыя помнікі. Дзякуй, што не бяруць прыклад з пэўнай краіны ў цэнтры Эўропы, краіны, што нішчыць нешматлікія манументы гісторыі і культуры свайго роднага краю.


Раніцай давялося папрацаваць над прыборкай дзялянкі і ачысткай падмурку помніку. Пасьля адбылася кароткая акцыя ўшанаваньня і рушылі далей у дарогу да Мюнхену.

У сталіцы Баварыі адбылася сяброўская сустрэча з мясцовымі беларусамі. Маем надзею, што ў хуткім часе ў гэтай нямецкай зямлі паўстане мясцовы асяродак Беларускай Нацыянальнай Памяці.

На жаль, не ўсе запланаваныя месцы ўдалося наведаць. Не хапае дакладных зьвестак. Тыя людзі, якія ведалі, ужо ня ў стане дапамагчы дакладнай інфармацыяй альбо проста адышлі з гэтага сьвету. Але мы працягваем пошук, каб не адзін беларускі змагар не застаўся забытым.

У Баварыі, сярод іншага, мы наведалі могілкі Waldfriedhof ў Мюнхене, дзе пахаваны айцец Уладзімер Салавей, які загінуў у аўтамабільнай аварыі ў 1974 годзе. Уладзіслаў Уладзімір Салавей - каталіцкі сьвятар усходняга абраду, мітрафорны протаярэй, рэлігійны дзеяч беларускага замежжа ў Заходняй Нямеччыне, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст. Па ўспамінах людзей, якія яго ведалі, чалавек зь вялікім сэрцам, сапраўдны сьвятар. Айцец Уладзімір знайшоў спачын ва ўкраінскім сэктары побач з магіламі лідараў АУН.


Далей нашая грамада накіравалася ў Штутгарт, да апошняга прыпынку гэтай экспедыцыі. У гэтым горадзе з сярэдзіны 40-х гадоў да 1991 году жыў Зьміцер Касмовіч – нацыянальны дзеяч у часе нямецкай акупацыі Беларусі, кіраўнік Замежнага сэктару Беларускай Незалежніцкай Партыі.

Месца пахаваньня З.Касмовіча знаходзіцца на могілках Hauptfriedhof недалёка ад месца, дзе ён жыў і дзе працягвае жыць яго жонка і паплечнік Надзея Касмовіч-Міцкевіч, якая дарэчы зьяўляецца пляменьніцай Якуба Коласа. Магіла З.Касмовіча дагледжаная і добраўпарадкаваная. Пра гэта клапоцяцца яго блізкія.


На заканчэньне хацелі б падзякаваць Богу і ўсім добрым людзям, якія дапамагалі інфармацыйна і матэрыяльна нашай экспедыцыі. Безумоўна, наперадзе новыя падарожжы па закутках Эўропы. Памяць пра беларускіх дзеячаў і месцы, зьвязаныя зь Беларусяй, павінны ўшаноўвацца. Пераемнасьць паміж пакаленьнямі не павінна быць перарваная.

August 9, 2008

БНП у Швайцарыі

Працягваецца экспедыцыя грамады Беларускай Нацыянальнай Памяці па эўрапейскіх краінах. Другім прыпынкам стаў Бургільён, прыгарад швайцарскага горада Фрыбура. На мясцовых каталіцкіх могілках пахаваная славутая беларуская княгіня-асьветніца Магдалена Радзівіл.


Раней мы пісалі пра яе на старонках свайго блогу. Магдалена Радзівіл – знакамітая постаць нацыянальнага грамадзкага і рэлігійнага жыцьця першай паловы ХХ ст. Яна вельмі шмат зрабіла для развіцьця беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Айцец Аляксандар Надсан напісаў пра гэтую жанчыну кнігу “Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Ўніі ў Беларусі”, зь якой цікаўныя могуць больш падрабязна даведацца аб біяграфіі і справах Магдалены Радзівіл.

Інфармацыю пра месца пахаваньня княгіні БНП атрымала ў ліпені 2007 г. ад спадарыні Монікі Банкоўскі. Але вось толькі зараз атрымалася правесьці невялікую акцыю памяці М.Радзівіл. Пад нацыянальным сьцягам і па традыцыйнаму сцэнару прайшла акцыя ўшанаваньня.


Не адбылося і без кур’ёзаў. На могілках быў каталіцкі сьвятар з Польшчы, які наведваў пахаваньні сваіх землякоў. Ён быў вельмі-вельмі зьдзіўлены прысутнасьці беларусаў з бел-чырвона-белымі сьцягамі.

У мясцовай царкве ў гонар Маці Божай Кармэльскай сябры БНП памаліліся за душу славутай беларускі. Падобна, што словы малітвы на нашай роднай мове ў сьценах гэтай царквы прагучалі ўпершыню з дня сьмерці Магдалены Радзівіл. Але спадзяемся, што надалей гэтае месца стане наведвацца беларусамі, сотні якіх жывуць цяпер у рэспубліцы ў Альпах. Дакладныя каардынаты можна даведацца на мапах, якія мы ствараем на нашых старонках у сеціве.

А экспедыцыя БНП накіравалася далей у Баварыю.