July 27, 2009

Даклад Натальлі Гардзіенка на V Зьездзе беларусаў сьвету

Сучаснае беларускае замежжа: праблемы і перспектывы

Колькасныя характарыстыкі

Сучаснае беларускае замежжа — разнастайная, але мала вывучаная з’ява. Паводле розных падлікаў, па-за межамі Беларусі пражывае ад 2,5 да 3,5 мільёнаў беларусаў. Сюды ўваходзяць і нашчадкі эканамічнай эміграцыі ХІХ і першай паловы ХХ стст., і эмігранты часоў Другой сусветнай і іх нашчадкі, і жыхары памежных тэрыторый, што ў выніку зменаў дзяржаўных межаў апынуліся адарванымі ад Беларусі, і жыхары былога СССР, якія пасля знікнення агульнай дзяржавы аказаліся на тэрыторыі розных дзяржаў, а таксама эканамічныя эмігранты пачатку 1990-х, нелегальныя эмігранты ды гастарбайтэры.

Разам з тым важна адзначыць тэндэнцыю да скарачэння колькасці беларусаў у розных краінах паводле звестак перапісаў і афіцыйнай статыстыкі. Гэта тлумачыцца не столькі спыненнем эміграцыі з Беларусі, колькі імклівым адыходам “старога” пакалення эміграцыі, тых, хто былі стваральнікамі беларускіх асяродкаў у розных краінах.

Як і ў Беларусі, суайчыннікі ў замежжы маюць розны, але пераважна невысокі ўзровень нацыянальнай свядомасці. Са згаданых 3,5 мільёнаў толькі нязначны адсотак захоўвае нацыянальную самасвядомасць, выяўляючы яе шляхам удзелу ў структурах дыяспар у розных краінах. Лічаныя адсоткі нашчадкаў беларускіх эмігрантаў валодаюць беларускай мовай або хоць бы неяк выказваюць цікавасць да свайго паходжання. Усё гэта ёсць вынікам уздзеяння шэрагу негатыўных фактараў не толькі ўласна на беларускія асяродкі ў замежжы, але і на беларускую гісторыю метраполіі таксама.

Сёння беларускія арганізацыі дзейнічаюць больш чым у 26 краінах свету. Найбуйнейшыя асяродкі знаходзяцца ў Расіі, Украіне, Польшчы, ЗША, Канадзе, Англіі, краінах Балтыі. Гэта таварыствы, суполкі, аб’яднанні, што займаюцца грамадскай, асветнай, культурніцкай, рэлігійнай, іншымі відамі дзейнасці. Колькасць сябраў большасці арганізацый у замежжы звычайна не перавышае 100 асобаў, што таксама сведчыць пра нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.


“Пакаленні” дыяспараў

Сёння, па-за феноменам беларускіх памежных тэрыторыяў Польшчы і Літвы, можна вылучыць два пакаленні беларускіх дыяспар, якія знаходзяцца на розных ступенях свайго развіцця.

Першае пакаленне – дыяспары на Захадзе, створаныя пераважна эмігрантамі часоў Другой сусьветнай вайны. Гэта дыяспары ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Бельгіі. Іх стваральнікі вызначаліся выразнай антыкамуністычнай пазіцыяй, а сваю місію бачылі як у захаванні ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасці ў іншакультурным асяроддзі, так і ў захаванні несаветызаванай беларускай культуры і рэпрэзентацыі яе ў свеце. У “заходніх” дыяспарах важную ролю адыгрывала рэлігійнае жыццё і рэлігійныя арганізацыі. Часта менавіта яны станавіліся галоўным месцам гуртавання беларусаў, а таму любыя рэлігійныя супярэчнасці балюча адбіваліся на ўсім асяродку. Сёння на Захадзе працягваюць дзейнічаць як прыходы Беларускай аўтакефальнай царквы (ЗША, Канада, Аўстралія), так і парафіі ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярхата, і беларускія грэка-каталіцкія парафіі (у Вялікабрытаніі, Бельгіі).

Асобнае месца сярод заходніх дыяспар займаюць беларусы Аргентыны. Сам феномен дыяспары ў гэтай краіне адносіць да згаданых “заходніх” дыяспараў можна, хутчэй фармальна паводле геаграфічнай прыкметы. Створаныя ў першай палове ХХ ст. (міжваенны перыяд) арганізацыі беларусаў тут вызначаліся прасавецкімі настроямі, а ў часы “халоднай вайны” трапілі пад моцны ўплыў савецкай амбасады ў Аргентыне. Іх удзельнікі, выхадцы з Беларусі, прапагандавалі менавіта саветызаваную беларускую культуру, мелі савецкае грамадзянства і былі моцна русіфікаваныя. Гэтыя арганізацыі захаваліся і да сёння.

Сёння “заходнія” дыяспары знаходзяцца ў сітуацыі змены пакаленняў. І гэты працэс у розных краінах мае сваю спецыфіку. У ЗША часткова да кіравання ў арганізацыях прыходзяць дзеці эмігрантаў, а часткова – “новыя” эмігранты хвалі 1990-х. У Брытаніі пераважна “новыя” эмігранты замяняюць “старых” у арганізацыях, аналагічныя працэсы назіраюцца ў Бельгіі. У Аргентыне змена пакаленняў адбылася за кошт нашчадкаў эмігрантаў. У Аўстраліі наогул амаль не было дзейных механізмаў змены пакаленняў праз адсутнасць актыўнай моладзі. Таму далейшае існаванне беларускіх асяродкаў з багатай гісторыяй у гэтай краіне і на сёння застаецца пад вялікім пытаннем.

Другое пакаленне дыяспараў менш аднастайнае і атрымала свой пачатак на мяжы 1980-1990-х. Па-першае, у гэты час актывізавалася эміграцыя з Беларусі, частка прадстаўнікоў якой далучылася да беларускіх асяродкаў на Захадзе, іншыя – пачалі ствараць новыя структуры. Так цягам 1990-х паўсталі беларускія арганізацыі ў Чэхіі, Швецыі, Ізраілі і інш. Па-другое, у перыяд распаду Савецкага Саюзу шмат беларусаў апынуліся ў сітуацыі “эміграцыі мімаволі”, калі з катэгорыі людзей “савецкіх” – жыхароў адзінай дзяржавы – яны ператварыліся ў грамадзян розных краін. У выніку, на падставе ўсведамлення наяўнасці агульнай радзімы Беларусі, супольнай пра яе памяці і жадання захоўваць сувязь з Бацькаўшчынай і сваю нацыянальную адметнасць беларусы постсавецкай прасторы сталі ствараць свае нацыянальныя асяродкі. Хутчэй гэты працэс пайшоў у краінах Балтыі, дзе беларускія арганізацыі аформіліся ўжо на мяжы 1980-1990-х. Так, цягам 20 гадоў дзейнічаюць Таварыства беларускай культуры “Світанак” у Латвіі, Беларуска-эстонскае згуртаванне, Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Пазней пачалося афармленне беларускіх асяродкаў у Расіі, Украіне, Казахстане, Малдове ды іншых постсавецкіх краінах. Адметнасцю апошніх стала тое, што часам стварэнне беларускіх арганізацый тут ініцыявалі асобы заслужаныя, што займалі раней высокія пасады ў саюзным кіраўніцтве, мелі досвед арганізатарскай працы. Магчыма гэтым тлумачыцца прагматычная скіраванасць шмат якіх беларускіх арганізацый, асабліва ў Расіі, на наладжванне эфектыўнага эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. У выніку, ужо больш як дзесяцігоддзе ідзе актыўная разбудова структур беларускіх дыяспар у краінах былога СССР. Створаны больш за дзясятак нацыянальна-культурных аўтаноміяў беларусаў у Расіі: Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы”, Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусь” у Рэспубліцы Комі, Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Югры” і г.д., а таксама існуе Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Расіі”. Апошняя з нацыянальна-культурных аўтаномій была створаная ў 2009 г. у Цвярской вобласці пад назвай “Братэрства”. Агульныя асацыяцыі беларускіх арганізацыяў дзейнічаюць у Малдове, Украіне.

Беларускія арганізацыі ў Расіі, Украіне ды інш. складаюць людзі, для якіх удзел у гэтых структурах стаў своеасаблівым вяртаннем да каранёў. Магчыма менавіта таму такую вялікую вагу сёння маюць разнастайныя фальклорныя і мастацкія калектывы. Сапраўды большасць такіх калектываў дзейнічае на прасторах былога СССР і іх колькасць вылічаецца ўжо сотнямі назваў. Паводле эмацыйнага ўздзеяння такія калектывы, верагодна, з’яўляюцца найбольш дзейсным сродкам рэпрэзентацыі беларусаў у іншакультурным свеце, а таксама выдатным спосабам вяртання саміх беларусаў да нацыянальных традыцый і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Адметнасцю дыяспараў на постсавецкай прасторы з’яўляецца іх пераважна больш свецкі характар. Выключэннем могуць быць хіба што паўсталыя у апошняе дзесяцігоддзе беларускія праваслаўныя грамады ва Украіне (у Львове, Луцку, Роўна, Чарнаўцах, Ужгарадзе).


Згаданыя пакаленні дыяспар маюць шэраг грунтоўных адрозненняў, якія тлумачацца наяўнасцю спецыфічнага досведу жыцця ў Беларусі і ў замежжы. Сёння гэтыя пакаленні знаходзяцца на розных стадыях развіцця дыяспар. Так, калі 95 сябраў нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Спадчына” горада Цвер можа разглядацца як дасягненне, то і крыху болей за 30 сябраў Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі сведчыць адначасова і пра некаторыя праблемы арганізацыі, але і пра трываласць гэтай структуры з шасцідзесяцігадовай гісторыяй. Сёння складана сказаць, колькі гадоў будуць дзейнічаць беларускія асяродкі на постсавецкай прасторы, што зараз знаходзяцца ў стадыі імклівага развіцця, і якімі лічбамі будзе вызначацца колькасць іх сябраў праз пяцьдзесят гадоў. Таксама цяжка сказаць, якой будзе дзейнасць сённяшніх “старых” дыяспар у той самы час. Гэта будзе залежыць ад уплыву розных фактараў і найбольш ад саміх іх удзельнікаў. Аднак нягледзячы на ўсе адрозненні, абодва пакаленні дыяспараў аб’ядноўвае ўсведамленнем наяўнасці супольнай гісторыі, мовы і культуры і неабходнасці іх захавання для нацыянальнага “выжывання” як у метраполіі, гэтак і ў замежжы.


Палітычны падзел дыяспараў

Іншы падзел паміж беларускімі дыяспарамі праходзіць па лініі стаўлення да сучаснай беларускай улады. Адны арганізацыі ацэньваюць усе яе дзеянні цалкам негатыўна, зважаючы на парушэнні правоў чалавека, адмову ад нацыянальнай сімволікі, тэндэнцыі русіфікацыі. Іншыя асяродкі, часта створаныя з дапамогай афіцыйных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь, ставяцца да дзеянняў уладаў менш крытычна.

Але і першыя, і другія сёння аб’яднаныя разуменнем неабходнасці афіцыйнага ўрэгулявання прававога статусу беларусаў замежжа. Пераадолець жа гэты палітычны падзел магчыма толькі пры ўмове сур’ёзных палітычных зменаў унутры краіны.


Новыя тэндэнцыі ў жыцці замежжа

Ужо ў ХХІ ст. у выніку палітычнай эміграцыі з Беларусі ў замежжы сталі з’яўляцца і прынцыпова новыя арганізацыі. Іх стваральнікам выступае пераважна моладзь з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, што ў Беларусі займалася грамадскай дзейнасцю. Гэты імпульс да дзейнасці яна спрабуе рэалізоўваць і ў замежжы. Вынікі працы гэтай можна бачыць у выглядзе беларускіх пікетаў Беларуска-Еўрапейскага зьвязу ў Бельгіі, ініцыятывы “Мы памятаем” у Нідэрландах, у выглядзе ініцыятываў Беларускай нацыянальнай памяці ў Польшчы, або дзейнасці беларуска-эстонскай арганізацыі “Новы шлях для Беларусі” і шэрагу іншых структураў. Асобныя суполкі, створаныя палітычна актыўнай моладдзю, аб’ядналіся ў Кангрэс новай дыяспары Еўропы і ЗША. Палітычна актыўная хваля маладой эміграцыі рознымі шляхамі спрабуе рэалізаваць свой патэнцыял уплыву на падзеі ў Беларусі праз уздзеянне на еўрапейскія структуры. Гэтая новая з’ява ў беларускім замежжы патрабуе асабліва пільнай увагі і спецыяльнага вывучэння для ацэнкі яе магчымасцей і перспектыў. З часам стане зразумела, ці гэта ёсць пачатак стварэння новага “пакалення” беларускіх дыяспар, з прынцыпова адрозным досведам жыцця і мэтамі дзейнасці.

Важнай тэндэнцыяй апошніх гадоў стала імкненне да стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы беларускага замежжа. Шмат беларускіх арганізацый замежжа сёння маюць свае інтэрнэт-сайты, выдаюць друкаваныя СМІ. Вялікую ролю адыгрывае і інфармацыйная дзейнасць МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, сайт якога, побач з бюлетэнем “Беларусы ў свеце” ператвараецца ў каштоўны інфармацыйны рэсурс пра беларускае замежжа і для яго. Безумоўна, праца ў кірунку стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы беларускага замежжа не завершаная. Аднак можна канстатаваць, што ад яе вынікаў будзе шмат у чым залежыць захаванне беларускай прысутнасці ў свеце, пераадоленне асноўных праблем беларускага замежжа.


Асноўныя праблемы беларускіх дыяспар

Да галоўных праблем беларускага замежжа можна аднесці згаданую вышэй змену пакаленняў і звязаны з ёй адыход у нябыт некаторых арганізацый на Захадзе. З аналагічнай праблемай праз некаторы час сутыкнуцца і беларускія асяродкі “новых” дыяспар. Ужо зараз шмат хто з іх удзельнікаў адзначае “паважны” ўзрост большасці сябраў і адсутнасць цікавасці да грамадскага жыцця ў моладзі. У такіх умовах менавіта праца з моладдзю, пошук новых форм дзейнасці, развіццё нацыянальнай адукацыі могуць стаць дзейснымі сродкамі эфектыўнага пераадолення змены пакаленняў і захавання беларускіх арганізацый.

З адзначанай праблемай звязана праблема паступовага заняпаду беларускай адукацыі ў замежжы. Нешматлікія паўнавартасныя беларускія школы дзейнічаюць сёння ў Польшчы, Літве, Латвіі. У шэрагу асяродкаў іншых краін існуюць беларускія суботнія і нядзельныя школкі. Але агульную колькасць беларускіх навучальных устаноў у замежжы нельга назваць дастатковай, пагатоў цягам апошніх дзесяцігоддзяў назіраецца устойлівая тэндэнцыя да іх заняпаду.

І гэтая праблема з шэрагу тых, вырашэнне якіх залежыць ад супольных намаганняў дыяспар і метраполіі. Падрыхтоўка настаўнікаў, выданне адмысловых дапаможнікаў, распрацоўка праграм і г.д. – толькі невялікая частка таго, чым можа метраполія дапамагчы беларускім навучальным установам у замежжы.

Важнай праблемай, якая негатыўна ўплывае сёння на магчымасці ўзаемадзеяння дыяспар і метраполіі з’яўляецца адсутнасць прававой базы і нявызначанасць юрыдычнага статусу беларуса замежжа. Вырашэнне згаданай праблемы дазволіла б у значнай ступені актывізаваць кантакты беларусаў замежжа і метраполіі, у тым ліку і іх эканамічнае і культурнае ўзаемадзеянне.

Сур’ёзнай праблемай з’яўляецца таксама адсутнасць спецыяльнай сістэмы вывучэння беларускага замежжа, яго гісторыі і сучаснасці. З гэтага вынікае немагчымасць эфектыўнага маніторынгу і прагназавання падзей і перспектываў развіцця беларускіх дыяспар, выкарыстання іх патэнцыялу для карысці беларускай нацыі.

Сёння няма афіцыйнай базы звестак ні пра колькасць беларусаў у розных краінах, ні пра арганізацыі беларускага замежжа, ні пра іх выданні. Без стварэння такіх базаў немагчымая праца і над “Энцыклапедыяй беларускага замежжа”, пра неабходнасць выдання якой шмат гаварылася на мінулым З’ездзе. Сёння мусім канстатаваць, што для з’яўлення такой энцыклапедыі няма дастатковых ні матэрыяльных, ні інтэлектуальных рэсурсаў. У іншых краінах стварэннем такіх выданняў займаюцца адмысловыя інстытуты. У Беларусі сёння няма нават аддзела ў структуры Акадэміі навук, які б спецыяльна займаўся праблемамі беларускага замежжа і гуртаваў бы спецыялістаў дыяспаразнаўства.

У выніку, справа вывучэння беларускага замежжа, яго багатай гісторыі і культуры існуе ў выглядзе прыватных ініцыятываў асобных даследчыкаў, што для дзяржавы з такой колькасцю замежных беларусаў і беларускіх дыяспараў з’яўляецца нонсэнсам.


Патэнцыял і перспектывы

Якія перспектывы мае сучаснае беларускае замежжа? Сёння можна сцвярджаць, што дыяспары абодвух пакаленняў валодаюць сур’ёзным патэнцыялам дзейнасці на карысць беларускай нацыі. Так і “старыя” заходнія дыяспары, і новыя моладзевыя структуры намагаліся і намагаюцца уплываць на прыняцце палітычных рашэнняў у дачыненні да Беларусі ў Еўропе і ЗША. Улічваючы, што традыцыі такой палітычнай дзейнасці ў “заходніх” дыяспар налічваюць звыш 50 гадоў, магчымасці іх нельга недаацэньваць.

Новыя беларускія дыяспары, асабліва на постсавецкай прасторы, валодаюць таксама добрым эканамічным патэнцыялам, які сёння не выкарыстоўваецца эфектыўна для патрэбаў беларускай нацыі.

Апроч таго, беларускія асяродкі ў розных краінах выступалі і выступаюць як агенты папулярызацыі беларускай культуры ў свеце з тым, каб зрабіць беларусаў больш блізкімі і зразумелымі іншым народам. Да таго ж у беларускіх дыяспарах не толькі транслюецца культурная спадчына метраполіі, але і ствараюцца свае новыя культурныя каштоўнасці, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай культуры беларускай нацыі.

На жаль, на сёння згаданы вялікі патэнцыял беларускага замежжа застаецца пераважна па-за ўвагай метраполіі. Дыяспары застаюцца адарванымі выспамі беларускага жыцця ў свеце сам насам са сваімі праблемамі.

Безумоўна, шмат што ў будучым, як і сёння, будзе залежыць ад пазіцыяў беларускай дзяржавы ў дачыненні да беларусаў замежжа. Аднак можна канстатаваць, што і самі па сабе беларускія дыяспары, прывучаныя дзейнічаць не толькі без падтрымкі метраполіі, але часам і насуперак яе дзеянням, маюць пэўныя механізмы выжывання. Вельмі важна пры гэтым наладжваць і захоўваць сувязі паміж беларускімі асяродкамі розных краінаў, бо пры адсутнасці дзяржаўнай падтрымкі, гэта вельмі важны фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў у замежжы.

No comments: