May 28, 2009

У Крупскім раёне адкрылі памятны знак ахвярам сталінскіх рэпрэсій

Крыніца: Эўрарадыё
На могілках вёсак Вялікія і Малыя Жаберычы Крупскага раёна Меншчыны 23 траўня адкрылі трохмэтровы драўляны шасьціканцовы крыж нябеснай заступніцы Беларусі сьвятой Ефрасіньні Полацкай. Ён пастаўлены ў памяць пра 55 мясцовых жыхароў — ахвяраў сталінізму.

На крыжы ўмацаваная мэталічная памятная шыльда са сьпісам бязьвінна загубленых сялян. Сьпіс пачынецца імем і графічным малюнкам Юркі Моніча. З 1919 па 1924 год ён кіраваў антыбальшавіцкім рухам у цэнтральным рэгіёне краіны, быў начальнікам штаба Першага партызанскага беларускага аддзела войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім узброеным паўстанні 1920 года. Моніч быў забіты супрацоўнікамі АДПУ ў Крупскім раёне 23 чэрвеня 1924 года.

Як паведамляе БелаПАН, у цырымоніі адкрыцьця мэмарыяльнага знака ўдзельнічала каля 15 прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія наведалі памятныя месцы жыцьця і дзейнасьці Юркі Моніча і яго сям'і.


No comments: