July 30, 2008

Фэст "Будзь вольным!"

8-10 жніўня ў Львове (Украіна) пройдзе міжнародны фэстываль “Be Free". Арганізатары – музычны лэйбл БМАgroup ("Беларуская музычная альтэрнатыва"), Еўрапейскае Радыё для Беларусі і моладзевая ініцыятыва “СтудФармат”, ужо другі год выбіраюць Украіну месцам сустрэчы беларускіх, украінскіх і польскіх фанатаў музыкі ў стылі рок. Партнёрам з украінскага боку з’яўляецца Саюз Украінскай Моладзі. У мінулым годзе пад слоганам “Права быць свабодным” фэст з удзелам 9 гуртоў з Беларусі і Украіны ўпершыню адбыўся ў Луцку, сабраўшы больш 5 тысяч гледачоў.

У гэтым годзе фэст набірае абароты: у Львове заплананаваны выступ ўжо 25 гуртоў з Беларусі, Украіны, Польшчы. Фэст пройдзе адразу на 2-х пляцоўках: у Парке імя Багдана Хмяльніцкага выступяць рок-гурты, а на Цэнтральным рынку Львова пройдуць паказы рыцарскіх клубаў і выступяць каманды, граючыя ў стылях “медыевал” і “фолк”.
Сваю згоду ужо далі вядомыя беларускія выканаўцы, у тым ліку Krama, Neuro Dubel, Стары Ольса, WZ-ORKIESTRA, IQ-48, ЛітвінТроль, žygimont VAZA, ULIS, P.L.A.N., Partyzone, B:N:, Яр, Zet, Pomidor/OFF, Джамбібум і іншыя.

У хэдлайнеры з польскага боку запрошаны гурт T-Love, з украінскага - "Тартак". Вядуцца перамовы і з іншымі вядомымі імёнамі польскай, беларускай і украінскай музычных сцэнаў. А таксама разглядаюцца заяўкі маладых гуртоў, жадаючых патрапіць на фэстываль.

Фэстываль "Be Free" – гэта першы міжнародны рок-фэст такога масштаба, ідэя якога належыць ініцыятывам з Беларусі. Львоў выбраны невыпадкова: у гэты, вядомы сваёй культурнай спадчынай і шматлікімі фэстывалямі, горад кожнае лета прыязджаюць турысты як з самой Украіны, так і з суседніх Беларусі і Польшчы, а таксама з іншых краін Еўропы. Для публікі з-за мяжы важна і тое, што для вандроўкі на Украіну непатрэбна віза, а квіток Мінск-Львоў па кішэне нават студэнту-бюджэтніку.

Падрабязней даведацца пра фэст можна на яго вэб-рэсурсах:
http://www.festsvabody.org/
www.myspace.com/fest_svabody
http://fest_svabody.livejournal.com/

Кантакт з арганізатарамі: fest.svabody@gmail.com

No comments: