June 27, 2008

Уладзімір Арлоў: "Праз Быкава прамаўляў Космас беларускага народа"

"Эўрарадыё"
Мара Нальшанская

Пра Быкава Уладзімір Арлоў кажа, што яго вуснамі прамаўляў беларускі Космас, украінскі пісьменнік Аляксандр Ірванец, хоць і не быў асабіста знаёмы з Быкавым, лічыць, што праз пераклад твораў спрычыніўся да яго творчасці, а паэт Уладзімір Някляеў прыгадвае, што на апошні дзень нараджэння падарыў Быкаву букет суніц і ружу.

23 чэрвеня ў Варшаве адбылася вечарына памяці Быкава, арганізаваная ініцыятывай “Беларуская нацыянальная памяць”. На ёй літаратары і грамадскія дзеячы прыгадвалі гісторыі, звязаныя з Васілём Быкавым.

Паэт Уладзімір Някляеў распавёў, як цяжка яму было выбраць падарунак для Васіля Быкава на яго апошні дзень нараджэння.

Уладзімір Някляеў: “Што падарыць чалавеку на дзень нараджэння, калі ведаеш, што ён праз два-тры дні памрэ? Гадзіннік залаты ці што? Адразу пачынаеш адчуваць каштоўнасць самога жыцця. І я абсалютна выпадкова на Камароўцы пабачыў бабулю, якая прадавала не проста суніцы, а на сунічніку, на траве. Я прыгадаў, як мы некалі з ім (Васілём Быкавым –заўв. аўтара) хадзілі па суніцы на яго лецішчы. І я набыў гэты “букецік” суніц, прывёз яму. Ён адарваў адну сунічку, надкусіў, яна пацякла па падбародку як крывінка… Я яму тады таксама яшчэ ружу адну купіў. І кажу: “Васіль Уладзіміравіч, выбачайце, можа гэта мала – кветка, суніцы…” А Ірына Міхайлаўна, жонка яго, як раз ставіла гэтую кветку ў ваду. І Быкаў кажа: “А што чалавеку ў жыцці гэтым трэба? Яму трэба адно толькі само жыццё, адна ў ім жанчына і адна кветка”.

Украінскі пісьменнік Аляксандр Ірванец, які пераклаў на ўкраінскую мову “Пахаджане” Быкава, лічыць, што гэтая кніга — сумная гісторыя не толькі беларускага, але і ўкраінскага народа.

Аляксндр Ірванец: “Я б ніколі не ўзяўся перакладаць вайсковую прозу Быкава. А калі да мяне ў рукі трапіла кніга “Пахаджане”, я прачытаў – і гэта была зусім іншая проза, зусім іншы Быкаў. Я ўвогуле вельмі люблю сатырычную літаратуру – а гэта быў такі смех скрозь слёзы. І мы зрабілі гэтую кніжку. У анатацыі да гэтай украінскай зборкі Быкава напісана прыкладна так: “Гэта дастаткова сумная інтэрпрэтацыя лёсу беларускага народа”. І не толькі беларускага, бо гэтыя яго прыпавесці вельмі добра праектуюцца на ўкраінскую рэчаіснасць. Цяпер у нас ёсць яшчэ і такі Быкаў – і дзякуючы таму, што ён такі рознабаковы, я таксама спрычыніўся да яго творчасці".

Пісьменнік Уладзімір Арлоў на сустрэчы падзяліўся гісторыямі, якія належаць самому Быкаву – Арлоў выбраў іх з аўтабіяграфічных дадаткаў самога Быкава да кнігі “Доўгая дарога дадому” падчас падрыхтоўкі да праграмы “Чытаем Быкава” на “Радыё Свабода”.

Уладзімір Арлоў:
“Гэты былі тыя фрагменты, якія апускалі Быкава з катурнаў, на якія хтосьці імкнецца яго паставіць, і паказвалі яго простым чалавекам. Сярод іншага там быў фрагмент пра тое, як галодны Быкаў падчас навучання ў Віцебскай мастацкай вучэльні разам з сябрамі ад галадухі намаляваў рубель. І пайшлі на гэты рубель набылі хлеба, чагосьці яшчэ і наеліся.
Быкаў быў надзелены пачуццём гумару. Змрачнаватага такога, можа быць нават па-беларуску змрачнаватага, але гэтае пачуццё не пакідала яго да апошніх дзён. Ёсць у нас такі дзеяч Анатоль Белы. І вось ён вырашыў паставіць помнік Васілю Быкаву, жывому яшчэ Быкаву, але які быў ужо так бы мовіць адной нагой у вечнасці. Ён ужо прыехаў з Чэхіі, чакаў на хіміятэрапію ў Бараўлянах. І вось звоніць яму Анатоль Белы і кажа: “Васіль Уладзіміравіч, мы вам у суботу будзем адчыняць помнік! Мы прышлём машыну і ўсё такое…” І Быкаў адказвае: “Толя! Пачакай пару тыдняў!”


На заканчэнне лепш за ўсё падыдзе фраза, якую таксама напрыканцы вечара сказаў Уладзімір Арлоў:

“Проста ягонымі вуснамі прамаўляў беларускі Космас, геній самога народа. Я думаю, што гэта маўклівая ўжо размова з Быкавым дзякуючы ягоным кнігам будзе працягвацца датуль, пакуль будзе Беларусь”.


No comments: