February 22, 2008

Ушанаванне памяці Кастуся Акулы

19 лютага на сядзібе рады ТБМ прайшла вечарына памяці Кастуся Акулы, якую зладзіла “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Пісьменнік, дзеяч беларускай эміграцыі памёр 29 студзеня ў Таронта (Канада) пасля доўгай хваробы. Канадскія сябры і суайчыннікі мелі магчымасць развітацца і сказаць апошнія словы падзякі пісьменніку 4 лютага падчас адпявання і пахавання. Беларускія калегі і сябры Кастуся Акулы супольна ўшанавалі светлую памяць пісьменніка ў гэты аўторак.

Беларускія пісьменнікі, гісторыкі, літаратары, мастакі, студэнты і проста чытачы прыйшлі ўшанаваць памяць спадара Акулы. Не ўсё напісанае пісьменнікам здолелі надрукаваць на Радзіме, яго постаць выклікала дваістыя адносіны ў грамадстве. Улада ачарняла, а чытачы любілі і паважалі за тое, што аўтар дае магчымасць пабачыць гісторыю не толькі праз прызму савецкай ідэалогіі, але і праз прызму выгнанага з Радзімы чалавека. Самым спрэчным яго творам называюць “Змагарныя дарогі” (1994), які распавядае пра жыццё і дзейнасць маладога хлопца ў Беларускай Краёвай Абароне падчас Другой сусветнай вайны. Перавыданне гэтай кнігі пад назвай “Россыпы” адбылося ў недзяржаўным выдавецтве намаганнямі У.Арлова праз 12 год. Цяжкі шлях вяртання твораў пісьменніка на Радзіму. Але, як казаў Алесь Пашкевіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, “Я верую, што лепшая кніга-трылогія “Гараватка”, якая яшчэ не была надрукавана на Беларусі, прыйдзе ў школы і будзе вывучацца разам з трылогіяй Івана Мележа “Людзі на балоце”. Гэта дзве паралелі жыцця, два погляды на жыццё з Усходняй (Мележ) і Заходняй (Акула) Беларусі”.

На жаль, не паспеў дачакацца аўтар выхаду ў свет яшчэ аднаго свайго знакамітага твора, адзінага рамана на англійскай мове “Заўтра гэта ўчора”, які быў напісаны ў 1965 годзе і быў самым прадаваемым творам таго года ў Канадзе. Упершыню ў 2007 годзе быў зроблены пераклад рамана на беларускую мову эмігранткай, паплечніцай Кастуся Акулы Ірынай Варабей. Выданнем кнігі займаецца МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Вядома гэта кніга стане найлепшым падарункам усім прыхільнікам пісьменніка ў Беларусі. Бо, як казала вядучая вечарыны, пісьменніца Вольга Іпатава, “Акула пісаў для Беларусі, і толькі дзеля беларусаў, каб так у такім вобразе вярнуцца на Радзіму”.

Старшыня “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская ахарактарызавала постаць эмігранта так: “Заўсёды захапляешся нязломнымі людзьмі, якія не губляючы сябе праходзяць выпрабаванні вайной, эміграцыяй. Але яны пранеслі ў сабе любоў да Беларусі, засталіся вернымі ёй. Гэта дзякуючы ім мы сёння маем беларускія культурныя цэнтры, цэрквы ды бібліятэкі ў замежжы. Мы лічым вялікім даверам з боку спадара Акулы выданне ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” ўпершыню на беларускай мове яго адзінага англамоўнага твору”.

Выступалі і ўзгадвалі Кастуся Акулу ў гэты вечар і Уладзімір Арлоў, і Валянціна Трыгубовіч, якая апекавалася прыездам пісьменніка ў Беларусь у 1992 годзе, і навуковец Ліда Савік, і маладое пакаленне – студэнт Сяржук Макарэвіч, які даследуе літаратурную спадчыну Кастуся Акулы.





“Для мяне Кастусь Акула – першы масток паміж беларускай літаратурай метраполіі і эміграцыі. Ён – сімвал змагарнай эпохі, тых людзей, якія вучылі і вучаць беларусаў не толькі берагчы сваё, але і ганарыцца сваім”. Пад словамі пісьменніка Алеся Пашкевіча падпішуцца многія і маладыя, і сталыя чытачы раманаў Кастуся Акулы.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

No comments: