January 2, 2008

Успамін пра Барыса Рагулю

1 студзеня 1920 году нарадзіўся Барыс Рагуля, беларускі вайсковы дзяяч, камандуючы Наваградзкага коннага эскадрону падчас ІІ сусьветнай вайны, доктар мэдыцыны, намесьнік старшыні Рады БНР.

Пра Барыса Рагулю ўзгадвае Уладзімер Арлоў.

За год да пачатку Другой сусьветнай вайны Барыс Рагуля здаў экзамэны на факультэт мэдыцыны Віленскага ўнівэрсытэту, але замест аўдыторыяў яго чакалі казармы: у абход закону патрыятычна настроенага юнака забралі ў польскае войска. Потым быў нямецкі палон і ўцёкі ў жніўні 1940-га на “вызваленую” Чырвонай Арміяй радзіму, дзе Барыса напаткалі арышт, катавальні НКВД і сьмяротны прысуд, ад выкананьня якога ўратаваў толькі напад Нямеччыны на СССР.

Увосень 1943 году акупацыйныя ўлады прынялі пастанову пра стварэньне новага беларускага добраахвотніцкага фармаваньня — Наваградзкага кавалерыйскага эскадрону. Камандаваць ім прапанавалі выкладчыку нямецкай мовы і вайсковай падрыхтоўкі Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі Барысу Рагулю. Гітлераўцы ня ведалі, што ён быў у ліку заснавальнікаў Беларускай незалежніцкай партыі, якая зьбіралася змагацца і з бальшавікамі, і зь немцамі. Рагуля даў згоду, паставіўшы, апрача ўсяго іншага, цьвёрдую ўмову поўнай незалежнасьці эскадрону ад мясцовай нямецкай адміністрацыі. Гэта быў ці не адзіны выпадак, калі акупанты выканалі абяцаньне. Дзякуючы камандзіру эскадрон быў выняткам і ў іншых аспэктах. Ён меў добрае ўзбраеньне і амуніцыю, а таксама свой штандар з Пагоняй і гэрбам Наваградку.

Пасьля вайны зьдзейсьніць яшчэ дзіцячую мару стаць лекарам Барысу Рагулю дапамог мэдычны факультэт Лювэнскай alma mater у Бэльгіі. Жывучы ад 1954 году ў Канадзе, ён стаў адным з найаўтарытэтнейшых у краіне спэцыялістаў у галіне анкалёгіі. Аднак прыватная практыка і навуковыя дасьледаваньні ніколі не заміналі яму працаваць на беларускую справу: у Згуртаваньні беларусаў Канады, у Радзе БНР (дзе ён доўгі час быў заступнікам прэзыдэнта), у Камітэце дапамогі дзецям — ахвярам Чарнобылю.

No comments: