January 10, 2008

2008 год – Год беларускай дзяржаўнасці

Ігар Олін

Учора ў Мінску адбылося чарговае паседжанне нацыянальнага арганізацыйнага камітэту па святкаванні 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Аргкамітэт па святкаванні 90-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР, узначалены Генадзем Бураўкіным, Радзімам Гарэцкім і Аляксеем Марачкіным, сабраўся учора на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Мінску ўжо ў другі раз.

Яго удзельнікі – гісторыкі, пісьменьнікі, вядомыя грамадзкія дзеячы, а таксама моладзевыя актывісты - зацьвердзілі плян дзейнасьці на 2008 г ., а таксама прынялі Звароты да беларускай грамадзкасці і органаў улады “Аб абвяшчэнні 2008 года – Годам беларускай дзяржаўнасці”.

- Мы звяртаемся да усіх адпаведных дзяржаўных інстанцый з прапановай зрабіць 2008 год Годам беларускай дзяржаўнасці, - гаворыць сустаршыня аргкамітэту, сябра рады беларускай інтэлігенцыі, паэт Генадзь Бураўкін. - Сыходзячы з гэтага мы распрацавалі план каб як мага болей расказаць беларусам наагул пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці і ў прыватнасці пра гісторыю БНР – пра дакументы Беларускай Народнай Рэспублікі, пра знешнія сувязі БНР і, безумоўна, пра выдатных выбітных дзеячаў, што звязаныя з гісторыяй нашай краіны.

Апроч гэтага аргкамітэтам запланаваны і шэраг іншых мерапрыемстваў – гэта перш за ўсё правядзенне вулічных маніфэстацыяў, а таксама усталяванне памятных шыльдаў на будынках, дзе праходзіў Першы Усебеларускі сход, навуковыя канфэрэнцыі у Мінску, рэгіёнах Беларусі і шчыльная супраца з беларускай дыяспарай.

Да працы аргкамітэту працягваюць далучаюцца дзеячы, арганізацыі, і суполкі як з Беларусі, так і беларусаў за мяжой.

No comments: