December 26, 2007

Ушанавалі Гадлеўскага

24 сьнежня ва ўрочышчы Малы Трасьцянец, моладзевае таварыства «Правы Альянс» і прадстаўнікі грамадзкасьці ўшанавалі памяць ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, ідэоляга беларускага нацыяналістычнага руху ў 1930‑40‑ыя гады. Увечары 24 сьнежня 1942 году, у прамежку паміж 21‑й і 22‑й гадзінамі, ён быў расстраляны супрацоўнікам менскага СД Хойзэрам у Трасьцянцы.


Гадлеўскі быў затрыманы асабіста начальнікам аддзела SSPF (паліцыі бясьпекі і СД) Менску Хойзэрам а 20 гадзіне 24 сьнежня 1942 году на сваёй кватэры. Яму было паведамлена, што ён мусіць ехаць у Бэрлін. Хойзэр прывёз Гадлеўскага ў касьцёл сьв. Сымона і Алены, дзе быў правераны ягоны сэйф. Ксяндзу Ігнатавічусу было паведамлена, што ксёндз Гадлеўскі ад’яжджае на два тыдні — такім чынам СД выйгравала час ды адтэрміноўвала магчымыя пратэсты з нагоды арышту беларускага палітыка і сьвятара.

Пасьля гэтага Вінцэнт Гадлеўскі быў адвезены ў Трасьцянец, дзе ва ўрочышчы расстраляны асабіста Хойзэрам. Там жа было пахавана й ягонае цела…

Нешматлікія сьведкі тых падзеяў адзначаюць, што Гадлеўскі трымаўся надзвычай мужна, годна, дэманструючы ворагу сваю духовую перавагу.

На кароткім мітынгу ў памяць беларускага ксяндза і палітычнага дзеяча, выступілі грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык і лідэр ПА Юрась Карэтнікаў. Выступоўцы распавялі пра жыцьцё і ролю Гадлеўскага ў змаганьні за незалежнасьць Радзімы.

«Месца і роля ў гісторыі Беларусі кс. Гадлеўскага — падобнае да месца лідэра АУН С. Бандэры для Украіны і мусіць адпаведна шанавацца», зазначыў Юрась Карэтнікаў.

Напрыканцы мерапрыемсва прысутныя да месца растрэлу ўсклалі кветкі і прасьпявалі духоўны гімн «Магутны Божа».

ЮК

Крыніца

No comments: