November 27, 2007

У Літве ўшанавалі змагароў і песьняроў

Адплывалі няўплынна ў вечнасьць дзеі быцьця
Ларыса Геніюш

Ня ім суджана зьнікаць. Яны засталіся сярод сёньняшніх дзён, якія няўмольна бягуць у вечнасьць, пакідаючы на старонках гісторыі памяць, без якой ня будзе заўтрашняга дня. Дзеі… Яны зьнітавалі сьвет тысячагадовай даўніны з тым, каб гэта перанесьці ў невядомую далячынь надыходзячых стагодзьдзяў. Бо гэта ёсьць тым, што вылучае нас з масы людзей, даючы быць нам нацыяй, бо мы маем гісторыю і свае дзеі на гэтай зямлі.

Але ня ўсім гэтага хочацца. І шматлікія сілы хочуць сьцерці ня толькі дзеі, але і памяць пра іх. Такі лёс напаткаў і нашу нацыю. Гістарычны шлях нашага народу склаўся так, што шматлікія хацелі скрасьці ня толькі яе гісторыю, але і памяць, з тым, каб пасьля далучыць да сябе.

Гісторыя ХХ стагодзьдзя — перадусім, гэта гісторыя змаганьня і даказваньня свае існасьці на палітычнай мапе сьвету. Яна складаная і трагічная, у многім няўдалая і зьняважаная. Але яна была. А значыць — мы жывыя як нацыя, як народ, як асобы, бо здольныя на пратэст і не даем сябе сьцерці з твару зямлі насуперак волі моцных гэтага сьвету.

Адной з такіх падзеяў быў Слуцкі збройны чын, чарговыя ўгоді якога адзначала Таварыства беларускай культуры ў Літве 24 лістапада 2007 г.

З ходам падзей, якія адбываліся ў тых далёкіх дваццатых гадах, пазнаёміў Валеры Місюк. Ён кораценька распавёў пра тыя трагічныя падзеі і зламаныя лёсы: як Бацькаўшчыны, так і тых людзей, што паміралі, каб жыла Беларусь.

На жаль, у сёньняшняй Беларусі памяць пра Слуцкі збройны чын ня толькі зьнішчаная, але і забароненая. Яны паміралі са словам «Беларусь» на вуснах, а сёньняшняя Беларусь ня хоча іх прызнаваць — тут яны аказаліся пераможанымі і забытымі.

У самой Беларусі прамаскоўскі акупацыйны ўрад зрабіў усё, каб зьнішчыць Беларусь.

Але засталося нешта большае, што немагчыма сьцерці і выкрасьліць. Гэта памяць — памяць тых дзей і дзён, памяць людзей, якія засталіся ў вечнасьці.

Другая частка праграмы была прысьвечаная клясыку беларускай літаратуры Якубу Коласу. Леакадыя Мілаш кораценька распавяла пра жыцьцёвы шлях песьняра. На жаль, і пра яго забылі. Да гэтага часу не адведзенае яму адпаведнае месца ў беларускай культуры. Да прыкладу, колькі вуліц гарадоў Беларусі носіць імя Якуба Коласа? Думаю, што няшмат. Колькі праведзена мерапрыемстваў, прысьвечаных нашаму земляку? Думаю, таксама няшмат. Затое праводзяцца Пушкінскія, Шагалаўскія мерапрыемсты, вечары, канфэрэнцыі. Цікавы лёс гэтых людзей, якія шчыра любілі Беларусь. Іх проста выкрэсьліваюць з памяці.

Пасьля Хведар Нюнька падзяліўся тым, як ствараецца музэй Якуба Коласа ў Павільні (Павільнюс), — справа, якая зацягнулася на дваццаць год, так і стаіць на месцы.

Хаця, зь іншага боку, ня ім патрэбныя гэтыя музэі і гэтая памяць. Яны жылі, любілі Беларусь і годна выконвалі свой абавязак дзяцей гэтае зямлі. І яны засталіся зь ёй і ім ня сорамна перад памяцьцю і вечнасьцю.

Напрыканцы праграмы мастак Алег Аблажэй распавёў пра Пётру Сергіевіча і пра тое, як яны хацелі стварыць музэй мастака, але нічога ня выйшла. І яшчэ адзін беларус застаўся неўшанаваным.

Апошняй часткай нашай праграмы быў паказ відэафільму пра адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў мастак Пётра Сергіевіч. Ды яна не захавалася — скралі.

Падсумоўваючы зробленае і сёньняшні дзень, адчуваеш сум на душы. Беларусь забываецца са сваімі героямі, беларусы зракаюцца сваіх каранёў, вядзецца нахабная і адкрытая русіфікацыя Беларусі, а Захад пры гэтым толькі моўчкі назірае за ўсім.

Але заўжды застаецца надзея — кроў пакутнікаў, што паліла зямлю, мусіць даць усходы.

Алесь Адамковіч, Вільня
Крыніца

No comments: