November 27, 2007

У Курапатах усталяваны крыж слуцкім паўстанцам

Алег Аскерка

Сёння 87-я гадавіна Слуцкага збройнага чыну 1920 году. З гэтай нагоды на тэрыторыі народнага мемарыялу Курапаты ўсталяваны памятны крыж слуцкім змагарам, якія загінулі ў бальшавіцкім ГУЛАГу. А ў мінулыя выходныя сябры Аргкамітэту па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, а таксама актывісты Партыі БНФ, “Маладога фронту”, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ арганізавалі дзве аўтобусныя выправы па месцах баявых дзеянняў Слуцкай брыгады стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Крыж усталявалі сябры Грамадскага аргкамітэту па ўшанаванні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Вось, што сказаў Рацыі сябра гэтага аргкамітэту Вячаслаў Сіўчык.

- Сёння 27 лістапада – дзень Слуцкага збройнага чыну. Пачынае складацца традыцыя ў гэты дзень усталёўваць крыж у памяць пра случакоў, удзельнікаў гэтага паўстання, што загінулі ў ГУЛАГу. Справа ў тым, што вельмі шмат і ўдзельнікаў паўстання і проста беларусаў, якія жылі ў зоне Слуцкага збройнага чыну, сутыкнуліся ў 30-я гады з масавымі рэпрэсіямі бальшавікоў. Там высяляліся цэлыя вёскі. Практычна ніхто з удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну, каго ведалі бальшавікі, не памёр сваёй смерцю. Усе яны былі закатаваныя.

Грамадскасць у Беларусі пачала адзначаць 87-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну яшчэ 24 лістапада. 85 чалавек на двух аўтобусах выправіліся па маршруце Мінск-Грозаў-Семежава-Вызна-Слуцк-Старыя Дарогі. Гэта фактычна маршрут баявых дзеянняў Слуцкай брыгады стральцоў БНР супраць Чырвонай арміі ў лістападзе-снежні 1920 году. Каля памятных крыжоў у гэтых мястэчках, а таксама каля былога будынку Часовай рады Случчыны, прайшлі малебны, былі ўскладзеныя кветкі, запаленыя свечкі.

Людзі пад бел-чырвона-белымі сцягамі спявалі паўстанцкія песні случакоў, вядомы музыка пан Скіргайла-Паланэцкі граў на дудзе. Увечары, на тэрыторыі прыватнага музею Анатоля Белага ў Старых Дарогах быў адкрыты памятны знак удзельнікам Слуцкага збройнага чыну. Ва ўрачыстасці бралі ўдзел людзі з Мінску, Слуцку, Салігорску і Ліды. Гэтыя мерапрыемствы ладзілі актывісты Партыі БНФ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і Аргкамітэту па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

А ў нядзелю 25 лістапада Грозаў, Семежава, Вызну і Слуцк наведалі актывісты Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ і “Маладога фронту”. Некалькі дзясяткаў чалавек удзельнічалі ў мітынгах у гэтых месцах. Да іх далучыліся і мясцовыя жыхары, хаця міліцыя рабіла ачапленне і раіла людзям не ўдзельнічаць у акцыях. Гаворыць адзін з арганізатараў гэтага мерапрыемства, намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.

- Вельмі прыемныя адчуванні, калі бачыш такую падтрымку. Бачыш сугучнасць і пераемнасць традыцыяў і адносінаў да нашых герояў. Случакі баранілі родную Беларусь ад маскоўскай навалы. Бо цудоўна ведалі – прыйдзе сюды маскоўскі акупант, будзе смерць, будзе бяда. І вось гэтыя словы падтрымліваліся нашымі людзьмі. Бо людзі чулі і выказванні Лукашэнкі, што беларусы будуць паміраць за Расію. Ніхто за Расію паміраць не хоча.

Увечары ў Слуцку актывісты маладзёвай арганізацыі “Правы альянс” наладзілі феерверк.
З угодкамі Слуцкага збройнага чыну павіншавала беларусаў старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла: “Дарагія Сябры, вітаю ўсіх Вас з слаўным чынам нашых Слуцкіх герояў. Ганаруся імі. Ганаруся сваім народам, які, абвясціўшы незалежнасць Беларусі пасля доўгае няволі, знайшоў у сабе сілу і мужнасць, каб бараніць сваю маладую дзяржаву.

Заклікаю ўсіх Вас належна адзначыць наш слаўны Дзень Герояў і з удзячнасцю прыпомніць тых, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.

Крыніца

No comments: