October 27, 2007

Сьвіслач: Дзень памяці паўстанцаў 1863 г. адзначылі пад наглядам міліцыі

Міхал Карневіч, Сьвіслач
Радыё "Свабода"

Дзень памяці паўстанцаў 1863 году быў адзначаны сёньня ў Сьвіслачы ўжо ў 13 раз. Аднак сёньня яго ўпершыню адзначалі безь бел-чырвона-белых сьцягоў, і ўпершыню на сьвята ня здолела даехаць моладзь зь Менску: іх аўтобус двойчы спынялі міліцыянты ў Дзяржынску й Баранавічах.

Калі гарадзенская моладзь зьбіралася ад’яжджаць раніцай у Сьвіслач, у аўтобус увайшоў міліцыянт і папярэдзіў, што ў Сьвіслачы рыхтуецца несанкцыянаванае мэрапрыемства і, маўляў, улада пра гэта ведае. Ён таксама папярэдзіў, каб ні ў якім выпадку не выкарыстоўвалася нацыянальная сымболіка.

Перад уездам у Сьвіслач аўтобус ізноў быў спынены, і ўжо мясцовы міліцыянт паўтарыў тую саму працэдуру папярэджаньня. Зь ім разам у аўтобус увайшоў міліцэйскі апэратар, які здымаў пасажыраў на стужку. На дарозе стаялі машыны ДАІ і амапаўцы.

Аб 11-й гадзіне стала вядома, што аўтобус зь менскай моладзьдзю затрымалі ў Дзяржынску.

Каля ста чалавек, якія здолелі даехаць у Сьвіслач з Горадні, Ваўкавыску, Мастоў, па традыцыі ўсклалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага на могілках у Сьвіслачы.

Побач з магілай Віктара Каліноўскага я папрасіў падзяліцца сваімі думкамі Станіслава Шушкевіча. Шушкевіч: “Вось я ўвесь час думаю аб тым, якія ў нас былі цудоўныя асяродкі. І гэтая магіла, гэтае мястэчка – гэта доказ. Я так узрушаны, тым што казаў тутэйшы чалавек. А ён гаварыў пра Бога, пра брата Каліноўскага. Рэдка пачуеш такую гаворку”.

Ужо калёнай аўтамабіляў усе разам накіраваліся ў Якушоўку, дзе на месцы былой сядзібы Каліноўскіх стаіць крыж. Калёну суправаджала міліцэйская машына.

Каля крыжа ўсклалі кветкі, выступілі прамоўцы. Вінцук Вячорка сказаў, што напярэдадні перачытваў “Мужыцкую праўду” й вось да якіх высноваў прыйшоў:

Вячорка: “Людцы мае, можна браць жыўцом тое, што пісаў Кастусь у пазамінулым стагодзьдзі. Добра, што нам ёсьць на каго абапірацца, што ёсьць тыя вечныя каштоўнасьці, сфармуляваныя нашымі вялікімі продкамі, і нам ня трэба нічога выдумляць з пустэчы. Гэтыя каштоўнасьці з нашай зямлі, з нашага неба, з нашага духу”.

В.Вячорка таксама паведаміў, што аўтобус зь менскаю моладзьдзю ўжо другі раз затрымалі міліцыянты, гэтым разам каля Баранавічаў. Маўляў, ім паведамілі, што ў аўтобусе знаходзяцца наркотыкі. У часе мерапрыемства міліцэйскі апэратар працягваў здымаць усіх на стужку.

Сярод іншага, сёньня ў Якушоўцы заклалі новую традыцыю: пасадзілі 4 дубкі й паабяцалі, што будуць рабіць так штогод, каб заснаваць алею паўстанцаў.

Зь Якушоўкі калёна ізноў вярнулася ў Сьвіслач, дзе былі ўскладзены кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту.

Потым у лесе побач са Сьвіслаччу каля вогнішча ўзгадвалі пра паўстанцаў 1863 году, смажылі каўбаскі й частаваліся гарачай юшкай. Бард Андрэй Мельнікаў сьпяваў свае песьні.


Міліцыянты ў лес не паехалі, але чакалі аўтобуса з гарадзенскай моладзьдзю, які потым суправаджалі да самай Горадні. У гэты час па тэлефоне менчукі паведамілі, што міліцыянты іх адпусьцілі, але аўтобус вяртаецца назад у Менск, паколькі ад Баранавічаў да Сьвіслачы больш за 200 кілямэтраў.

No comments: