September 17, 2007

Беларусы на ўрачыстасьці ў Ліхені

16 верасьня ў санктуарыі Маці Божай у Ліхені (Польшча) адбылася ўрачыстая бэатыфікацыя Станіслава Папчынскага - заснавальніка Ордэна марыянаў. У сьвяткаваньнях прымала ўдзел вялікая колькасьць пілігрымаў зь Беларусі, а таксама грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці.


Прысутнічалі каля 100 тысячаў вернікаў, 120 кардыналаў і біскупаў з усяго сьвету, а таксама легат Папы Рымскага, дзяржсакратар Ватыкану кардынал Тарцысіо Бэртонэ.

Быў зачытаны папскі дэкрэт, які абвясьціў айца Станіслава Папчынскага блаславёным.

Заснавальнік Згуртаваньня айцоў марыянаў нарадзіўся 18 траўня 1631 году каля польскага гораду Новы Сонч. Вучыўся ў езуіцкіх і піярскіх школах. Яго маладосьць прыпала на цяжкія гады крызысу ў Рэчы Паспалітай, калі Польшчу акупавалі швэдзкія войскі, а Беларусь і Літва перажывала перыяд маскоўскага генацыду. У гэты час а.Станіслаў уступіў у Ордэн піяраў, дзе праявіў сябе як таленавіты педагог.

Аднак, прагнучы больш аддана служыць Найсьвяцейшай Дзеве Марыі, у кастрычніку 1673 году засноўвае новы Ордэн - марыянаў, якія задоўга да афіцыйнага абвяшчэньня дагмату аб Беззаганным Зачацьці Панны Марыі пачалі пашыраць Яе шанаваньне. Важным абавязкам для марыянаў была таксама малітва за памерлых.

Памёр а.Станіслаў 17 верасьня 1701 году ў мястэчку Гара Кальварыя недалёка ад Варшавы.

Пасьля яго сьмерці Ордэн марыянаў перажыў цяжкія выпрабаваньні, быў амаль зьнішчаны напрыканцы 19 ст. расейскімі ўладамі, але дзякуючы намаганьням блаславёнага Юрыя Матулевіча быў адноўлены і працягнуў дзейнасьць пад лёзунгам "За Хрыста і Царкву". У гэтыя гады да марыянаў уступала шмат беларусаў, быў створаны першы марыянскі кляштар у Беларусі ў Друі. Беларускімі марыянамі былі Фабіян Абрантовіч, Андрэй Цікота, Язэп Германовіч. Марыянінам зьяўляецца таксама знакаміты сьвятар і асьветнік айцец Аляксандр Надсан, апостальскі візытатар для беларусаў замежжа.

Пра марыянаў можна прачытаць тут

На ўрачыстай бэатыфікацыі ў Ліхені прысутнічалі беларускія католікі лацінскага і грэцкага абрадаў, уніяцкі хор зь Берасьця. Грамадоўцы Беларускай Нацыянальнай Памяці разгарнулі нацыянальныя сьцягі, што выклікала вялікую зацікаўленасьць прысутных вернікаў.

No comments: