September 7, 2007

Міліцыянты шукаюць міны на Крапівенскім полі

Радыё Свабода

Мясцовых актывістаў, якія зьбіраліся майстраваць сцэну для заўтрашняга фэсту “Аршанская бітва-2007”, па дарозе спынілі міліцыянты. Яны заявілі, што на полі каля вёскі Гацькаўшчына, дзе 16 гадоў запар ладзілася імпрэза, сёньня знайшлі міны і снарады.
Міліцэйскія машыны блякавалі праезды і праходы да берагу рэчкі Крапіўны, дзе зазвычай адбываюцца канцэрты. Аднак спэцтэхнікі для разьмінаваньня або вайсковых спэцыялістаў мясцовыя актывісты ня ўбачылі.
“Мы прыехалі, каб паставіць сцэну, каб падрыхтаваць пляцоўку да фэстывалю, – расказаў нашаму радыё кіраўнік аршанскай Рады моладзевых арганізацыяў Ігар Казьмярчак. – На павароце на Гацькаўшчыну нас спыніла міліцэйская машына ДПС. І нам сказалі: “Сюды нельга, паварочвайце назад у Воршу. Тут знайшлі снарад, будуць разьміноўваць. Калі разьмінуюць, тады прыходзьце. Ну, мы тут рознымі вакольнымі шляхамі прабіраемся... Але я ня ведаю, каб тут, у Гацькаўшчыне, былі нейкія баі, каб пасьля іх маглі застацца снарады... Праўдападобна, усё гэта робіцца, каб не дапусьціць правядзеньня заўтрашняга фэсту. І гэта дзіўна: столькі гадоў запар праводзілі, і ўсё бывала добра”.
Актывісты зьбіраюцца высьветліць, ці насамрэч на Крапівенскім полі будуць праводзіцца земляныя работы і ці сапраўды міліцыянты ахоўваюць поле зь меркаваньняў бясьпекі, а не на загад, каб сарваць заўтрашнюю імпрэзу.

No comments: