August 16, 2007

Сёньня будзе ўсталяваны памятны знак у гонар герояў Аршанскай бітвы

На Крапівенскім полі ў Аршанскім раёне 16 жніўня будзе ўсталяваная памятная шыльда ў гонар бітвы паміж беларускімі ваярамі і маскоўскім войскам, якая адбылася 8 верасьня 1514 года. Войска Вялікага княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім, якое было меншым за маскоўскае ў некалькі разоў, атрымала бліскучую перамогу.

Эскіз шыльды выканаў мастак Алесь Пушкін, а тэкст напісаў Уладзімір Арлоў: “Вечная слава героям Аршанскай перамогі 8 верасьня 1514”. Алесь Пушкін распавёў “Эўрарадыё” па тэлефоне з Крапівенскага поля і пра тое, як выглядае шыльда:

“Сам камень - чырвоны граніт. Вялікі ён, у вышыню 140 см, шырыня 80 см. На ім будзе чорная ў выглядзе тарчы шыльда з тэкстам і Пагоня намаляваная, якая адпавядае тагачаснаму стылю, XVI стагодзьдзя”.

Мяркуецца, што ўрачыстае адкрыцьцё шыльды адбудзецца 8 верасьня, падчас трыдыцыйнага фэстываля бардаўскай песьні.

No comments: