May 18, 2007

2007 - ГОД НАРОДНАЕ ПАМЯЦІ

15 лютага адбылася прэс-канферэнцыя грамадзкага аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, агучаны зварот "Да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і беларусаў сьвету"

Грамадзкі аргкамітэт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў прыняў рашэньне абвясьціць 2007 г. Годам памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, а 29 кастрычніка — Днём памяці. Гэта зьвязана з тым, што сёлета спаўняецца 70 гадоў ад 1937 году — кульмінацыі масавых рэпрэсіяў, а 29 кастрычніка 1937 году адбыліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі. На прэс-канферэнцыі быў абнародаваны Зварот да грамадзянаў Беларусі й беларусаў сьвету, на пытаньні журналістаў адказвалі гісторык Ігар Кузняцоў і пісьменьнік Васіль Якавенка.

Да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і беларусаў сьвету
Зварот

Шаноўныя суайчыньнікі! Заўчасная сьмерць — бяда й непапраўная страта ня толькі для блізкіх, але й для ўсёй чалавечай супольнасьці. Але ж падчас крывавага разбою бальшавіцкіх ЧК, ГПУ, НКВД, МДБ, бадай, не было той сям’і й радзіны, каб зь іх асяродку чорнае груганьнё не вырвала бацьку, маці, сына, брата, сястру, дарослых і нават непаўналетніх. А хто ацалеў — застаўся запалоханым на ўсё жыцьцё. І што гэта былі за страты! Боль за іх ня згас, не вычарпаў сябе у народзе дагэтуль.

Даты смутку й жалю

Сёлета беларускае грамадзтва мае адзначыць сумнае сямідзесяцігодзьдзе. Акурат у 1937-м крывавы патоп сталінскіх рэпрэсіяў дасягнуў найвышэйшага ўздыму. Няпрошаныя госьці ўвальваліся ў гарадзкія кватэры й сялянскія хаты. Цэлымі сем’ямі вывозілі людзей у Сібір і на Поўнач, чынілі расстрэлы ў шматлікіх Курапатах. Лепшыя з лепшых абвяшчаліся ворагамі народа й траплялі ў рукі бальшавіцкіх катаў. Кузьму Чорнага, клясыка беларускае літаратуры, садзілі на кол. Народнага паэта Янку Купалу давялі да таго, што пазьбягаючы глуму над сабой, спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Пасьля дзікунскага зьдзеку й гвалту дзяржаўны дзеячаяў і пісьменьнік Цішка Гартны (Жылуновіч) загінуў у Магілёўскае псыхіатрычнае больніцы. Глум над людзьмi й iх вынішчэньне чэкістамі насiлi планавый характар. Толькі ў 1920–50-я катаржныя гады ГУЛАГ праглынуў больш за 600 тысячаў ураджэнцаў Беларусі, а з улікам другіх катэгорыяў афіцыйна рэпрэсаваных гэтая лічба сягае за 1,5 мільёна. Нават цяжка ўявіць: найбольш здольнае да творчай і стваральнай працы насельніцтва вялікага эўрапейскага горада, роўнага сучаснаму Менску, і яно трапляе ў лапы й пекла ГУЛАГу! Шмат у якіх выпадках рэпрэсіі насілі характар генацыду беларусаў.

Ад самага ўтварэньня БССР і да 1953 года ў Беларусі была вынішчана амаль уся сьвядомая, культурная, адукаваная нацыянальная інтэлігенцыя. І каб не гэтыя страты, сёньня ў нас была б зусім іншая краіна. У адносінах беларускіх уладных структур да нацыянальных каштоўнасьцей становішча не выпраўлена да гэтага часу.

Грамадзтва не павінна абысці ўвагай даты чорных, трагічных падзеяў. Таму 20 лістапада 2006 года ў Менску створаны на законных падставах грамадзкі Аргкамітэт, які ставіць на мэту адрадзіць рытуал памінаньня шматлікіх ахвяраў, што будзе адпавядаць векавечным традыцыям і звычаям беларускага народа ў захаваньні памяці аб слаўных продках, выдатных асобах, сьвятых і грэшных, пакутніках, якія заўчасна пайшлі ў зямлю.

А 29 кастрычніка 1937 года асабліва цяжкі і трагічны дзень у гісторыі беларускага народа. Толькі за адну ноч у Менску сталінскія апрычнікі расстралялі 100 выдатных прадстаўнікоў творчае і навукова-тэхнічнае інтэлігенцыі, у тым ліку народных камісараў асьветы — Аляксандра Варончанку і Аляксандра Чарнушэвіча, наркома фінансаў Івана Кудзельку, рэктараў БДУ — Ананія Дзьякава, Язэпа Каранеўскага, Аляксея Кучынскага, дэкана Яўгена Усьпенскага, прафесара Сьцяпана Маргелава, дырэктараў Белпедтэхнікума — Міхаіла Радзеўскага, Ігната Афанасьева разам з выкладчыкамі, — другога сакратара ЦК КПБ(б) Міколу Арабея, шэраг адказных работнікаў ЦК, СНК, ЦВК, іншых установаў, 22-х пісьменнікаў і грамадзкіх дзеячаў: Міхася Чарота, Янку Нёманскага, Платона Галавача, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Васіля Каваля, Юлія Таўбіна, Валерыя Маракова, Васіля Сташэўскага, Зяму Піваварава, Ізю Харыка, Тодара Кляшторнага, Анатоля Вольнага, Юрку Лявоннага…, вядомых тады журналістаў Віктара Войнава, Паўла Шастакова… Многія зь вязьняў былі змардаваныя настолькі, што не маглі стаяць на нагах і іх волакам цягнулі на расстрэл. А жонак, дзяцей і бліжэйшых родзічаў расстраляных тады ж кінулі ў канцэнтрацыйныя лягеры.

Вынішчэньне інтэлектуальнае эліты нашае нацыянальнае супольнасьці 29 кастрычніка было праведзена і ў абласных гарадах — Віцебску, Гомелі, Магілёве. І гэта — чарговы ўдар па беларускай адукацыі, па духоўнай культуры, па мове, жорсткая праява генацыду народа і нацыі.

У Год Памяці

Мы прапануем грамадзкасці лічыць 2007 год Годам Памяці аб нічым не апраўданых рэпрэсіях супраць беларускага народа. Нашым агульным клопатам павінна быць вяртаньне кожнаму змардаванаму, забітаму, абясслаўленаму грамадзяніну Беларусі яго добрага імені.

Разам з тым мы лічым магчымым падтрымаць працу й польскага Мэмарыялу па ўвекавечваньні памяці нявінна загубленых, а таксама расейскіх калегаў з Мемарыяла Екацерынбурга, Карэліі… Па прыкладу Мартыралога Сыктыўкара мы прапануем кожны месяц 29-га чысла, пачынаючы з 17 гадзін, наведваць месцы захаваньня парэшткаў пакутнікаў сталінскіх рэпрэсіяў. Прамаўляючы ўсьцешныя словы над іх спачынам, давайце па звычаю продкаў запалім памінальныя сьвечкі. Апроч таго абавязкова прыйдзем да іх магілаў на Радаўніцу й Дзяды.

Мы разьлічваем на падтрымку Года Памяці гарадзкімі й сельскімі выканаўчымі ўладамі, на выяўленьне, упарадкаваньне, аздабленьне крыжамі, памятнымі знакамі ўсіх мясцінаў расстрэлаў і захаваньня парэшткаў пакутнікаў з магчымым выяўленьнем невядомых імёнаў і перадачай інфармацыі пра іх у мясцовыя музэі, гістарычныя й культурныя ўстановы.

Мы прапануем Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту, іншым навуковым і асьветным установам краіны зьвярнуцца да трагічных падзеяў беларускага адраджэньня, прыгадаць Інбелкульт і расправу з плеядай вучоных колькасьцю звыш 100 чалавек на мяжы 1920–30-х гадоў, з выдатнымі нацыянальнымі дзеячамі, у асяродку якіх былі Усевалад Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Язэп Лёсік, Сьцяпан Некрашэвіч, Аркадзь Смоліч, браты Максім ды Гаўрыла Гарэцкія. Вучоным варта зрабіць свой унёсак у Год Памяці.

Памяць вымагае справядлівасьці й ушанаваньня спадчыны рэпрэсаваных дзеячаў беларускае навукі, асьветы, культуры ня толькі словамі, але й справамі, на якіх абарвалася іх жыцьцё. Сёньня, калі ўсе вышэйшыя і сярэднія тэхнічныя навучальныя ўстановы пераведзены на расейскую мову і бацькам-беларусам, а яны складаюць абсалютную большасьць насельніцтва, даводзіцца выпраўляць сваіх дзяцей у расейскія школы толькі таму, што далейшае набыцьцё адукацыі й прафэсіі на роднай мове практычна немагчыма, Аргкамітэт заяўляе пра сваю рашучую падтрымку хадайніцтва ГА 'Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны' перад урадам, Адміністрацыяйпрэзыдэнта й самім прэзідэнтам аб адкрыцьці ў Менску шматпрофільнага беларускамоўнага універсітэта.

Мы прапануем усім партыям і грамадзкім аб’яднаньням краіны разам з уладамі, калі на тое будзе іх ласка, а не — то і без іх, узяць на сябе ініцыятыву па распрацоўцы й ажыцьцяўленні канкрэтных мерапрыемстваў у Год Памяці.

Заклікаем далучыцца да гуманнай грамадзкай ініцыятывы прафэсійныя творчыя саюзы, каля вытокаў якіх нярэдка стаялі выдатныя дзеячы нацыянальнае культуры, рэпрэсаваныя крыважэрным рэжымам.

Заклікаем праявіць свой грамадзянскі абавязак сяброў моладзевых суполак краіны. Усе яны, незалежна ад роду заняткаў і ідэалягічнае арыентацыі, павінны актывізаваць сваю дзейнасьць па адраджэньні й ўшанаваньні памяці ахвяраў камуна-бальшавізму.

Мы зьвяртаемся з гэтым жа заклікам і да вучнёўскіх, студэнцкіх арганізацыяў, да юных следапытаў, дасьледчыкаў, як і да настаўнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў.

Спадзяемся, што сьвятары ўсіх канфесіяў, практычна вынішчаных у савецкія гады, у Год Памяці распрацуюць і прыступяць да ажыцьцяўлення праграмы царкоўных службаў, літургій, памінаньняў нявінных ахвяраў масавых рэпрэсіяў, узяўшы за прыклад учынак праваслаўнага патрыярха Ціхана, які ў 1918 годзе выступіў з ганьбаваннем бальшавіцкіх карнікаў: “Спыніцеся, вар’яты, спыніце вашы крывавыя расправы. Бо тое, што вы робіце, ёсць справа сапраўды сатанінская, за што падлягаеце вы агню гееннаму… Уладаю, дадзенай нам ад Бога… анафемствуем вас!”

Зьвяртаючыся да розных пакаленьняў грамадзян Беларусі й беларусаў, якія жывуць у замежжы, Аргкамітэт абвяшчае збор фондавых матэрыялаў, кніг успамінаў, рукапісаў, фотакартак, пісьмаў, дакументаў, асабістых рэчаў былых вязьняў камуністычных турэмных засьценкаў. Усё гэта можа быць выкарыстана пры стварэньні тэматычнага банка дадзеных на электронных носьбітах, а таксама мэмарыяльнага музея ў Менску.

Да Дня Памяці

Мы зьвяртаемся да заканадаўчых і выканаўчых улад краіны, да кіраўніка дзяржавы з хадайніцтвам зрабіць дзень 29 кастрычніка Днём Памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў і адзначаць яго адпаведным чынам штогод.

Мы выступаем перад кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам з прапановай выдаць указ выканаўчым уладам у гэты жалобны дзень аздобіць чорнымі стужкамі й прыспусьціць дзяржаўныя сьцягі.

Мы прапануем грамадзкасьці краіны, абапіраючыся на падтрымку неабыякавых мясцовых уладаў, па ўсіх гарадах, буйных пасёлках і вёсках правесьці да Дня Памяці жалобна-ўрачыстыя сходы, канцэрты-рэквіемы, выставы, іншыя мерапрыемствы з удзелам мясцовых мастацкіх калектываў і прафэсійных майстроў мастацтва, паэтаў, музыкаў.

Заклікаем добрасумленных грамадзянаў краіны ў Дзень Памяці наладзіць у рамках закона жалобныя мітынгі, шэсьці, наведаць месцы расстрэлаў і пахаваньня ахвяраў масавых рэпрэсій, запаліць сьвечкі над магіламі пакутнікаў і аздобіць месцы пахаваньняў кветкамі, стужкамі чырвонага, чорнага і белага колераў.

Каб падкрэсьліць своеасаблівасьць моманту, грамадзяне Рэспублікі Беларусь і беларусы замежжа ў жалобны Дзень Памяці маюць насіць банты з тых жа стужак чырвонага, чорнага і белага колераў.

Вернікаў краіны заклікаем у гэты дзень замаўляць памінальныя службы ў царквах, касьцёлах, малітоўных дамах, мячэцях маліцца за супакой душаў закатаваных суайчыньнікаў.

Мы заклікаем кампетэнтныя ўстановы — Камітэт дзяржаўнае бясьпекі, Міністэрства унутраных справаў і Пракуратуру Рэспублікі Беларусь — перагледзець справы пакуль яшчэ нерэабілітаваных ахвяраў тэрору, у тым ліку былых ваеннапалонных, а таксама жыхароў, якія працавалі на часова акупаванай тэрыторыі ў 1941–1944 гадах, замежных грамадзянаў, абнародаваць імёны расстраляных у Курапатах, адкрыць сьпісы афіцэраў польскага войска, расстраляных у 1940 годзе.

Прапануем ураду краіны вывучыць пытаньне аб магчымай выплаце фінансавых кампэнсацыяў нашчадкам рэпрэсаваных жыхароў Беларусі Расеяй, як праўнапераемніцай СССР.

Спадзяемся, што ўсе дзяржаўныя й грамадзкія структуры краіны, усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь і беларусы замежжа прадэманструюць у Год Памяці сваю салідарнасьць, узаемапавагу і правядуць гэты Год і Дзень Памяці па-таварыску спагадліва, прачула й годна.

Па даручэньні Аргкамітэта па ўшанаваньні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Сустаршыні:
Радзім Гарэцкі, геолаг, акадэмік
Ігар Кузняцоў, гісторык
Васіль Якавенка, пісьменьнік

No comments: