October 31, 2005

Беларусы Варшавы таксама адзначалі Дзяды

панядзелак, 31 кастрычніка 2005, 16:54
Аляксей Дзікавіцкі, Варшава


Сёньня Дзяды адзначалі беларусы Варшавы. Яны наведалі праваслаўныя Вольскія могілкі польскай сталіцы, а таксама месца, дзе ўсталяваная мэмарыяльная шыльда памяці генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.

На праваслаўных Вольскіх могілках у Варшаве, беларусы, што жывуць у польскай сталіцы наведалі магілу выбітнага беларускага дзеяча і навукоўца спадара Янкі Жамойціна, які памёр два гады таму. На магіле прыстуныя запалілі тры сьвечкі – белую, чырвоную і белую.

Потым каля дзясятку беларусаў паехалі ў іншы бок гораду – туды, дзе ў раёне Саска Кэмпа, на будынку духоўнай сэмінарыі што на вуліцы Францускай, усталяваная мэмарыяльная дошка ў гонар Станіслава Булак-Балаховіча. Там таксама былі запаленыя сьвечкі, а да дошкі прымацаваная бела-чырвона-белая стужка.

Гаворыць Віталь Воранаў са Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі.

(Воранаў: ) “Мы выбралі магілы гэтых вядомых людзей, бо для нас яны – сымбаль пэўнай маральнай чысьціні. Яны ў цяжкіх варунках былі настолькі адважныя, каб змагацца за тую лепшую Беларусь”.

Важным свой удзел у такіх мерапрыемствах лічаць і некаторыя беларускія студэнты, што вучацца ў Варшаве.

(Студэнтка: ) “Я лічу, што гэта важна для кожнага беларуса, які знаходзіцца за мяжой – адчуваць сувязь з роднай краінай”.

Паводле прысутных беларусаў, у Варшаве дагэтуль не дасьледаваная гісторыя пахаваньняў беларускіх дзеячоў, таму на сёньняшні дзень невядома, дзе знаходзяцца іхныя магілы. На Вольскіх могілках леташнія пошукі беларускіх студэнтаў не прынесьлі значных вынікаў.

Крыніца

No comments: