March 14, 2005

У Бэльгіі адбылося набажэнства і мітынг беларусаў

панядзелак, 14 сакавіка 2005, 22:12
Аляксей Дзікавіцкі, Варшава


У бэльгійскім горадзе Лювэн адбыліся жалобнае набажэнства і мітынг з нагоды ўгодкаў сьмерці выбітнага беларускага кампазытара Міколы Равенскага.


Каля магілы, дзе пахаваны Мікола Равенскі, сабраліся сябры Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня і грамады "Сьвяты Язафат" – парафіяне Беларускай Царквы Ўваскрасеньня Хрыстовага горада Антвэрпэна – яны трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і харугву Згуртаваньня Беларускай Моладзі, якая была зроблена яшчэ ў 1948 годзе.

(Кабанчук: ) “Гэта чалавек, чыё імя вядомае ва ўсім сьвеце. Калі ён памёр, дык кружэлкі зь ягонай музыкай былі распаўсюджаныя і ў Эўропе і ў сьвеце. Датаго ж Мікола Равенскі напісаў музыку да духоўнага гімну беларусаў “Магутны Божа”, – кажа Вадзім Кабанчук, які браў удзел у мерапрыемстве.


Сярод ганаровых гасьцей былі прадстаўнікі Рады БНР Янка Жучка і Аляксей Арэшка, якія асабіста ведалі кампазытара. Спадар Жучка выступіў з прамовай, быў зачытаны таксама даклад аб жыцьці і творчасьці Міколы Равенскага.


Пазьней сьвятар Ян Майсейчык адслужыў Паніхіду, а прысутныя прасьпявалі малітву "Магутны Божа", музыку для якой напісаў Мікола Равенскі.

Крыніца

No comments: