October 27, 2003

У Сьвіслачы адзначылі 140-я ўгодкі паўстаньня на чале з Каліноўскім

27 Кастрычніка 2003
Сяргей Астраўцоў, Горадня


У нядзелю ў Сьвіслач прыехалі пераважна гарадзенцы і лідчукі. Удзельнікі сьвяткаваньня наведалі магілу Віктара Каліноўскага, помнікі Кастусю Каліноўскамі і Рамуальду Траўгуту, а таксама падмуркі сядзібы Каліноўскіх у вёсцы Якушоўка.

Імпрэза прысьвечаная памяці паўстанцаў, адзначалася сёмы раз, яна прымеркавана да ўгодкаў сьмерці Віктара Каліноўскага—старэйшага брата Кастуся. Віктар быў гісторыкам, удзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым руху, памер напярэдані паўстаньня ўвосень 1862 году. Яго пахавалі ў Сьвіслачы. Некалькі гадоў таму надмагільле рэстаўравалі. Гэтым разам упершыню ў мясцовым касьцёле Францішка Асіскага і прасьвятой Тройцы адбылася імша памяці братоў Каліноўскіх і ўсіх тых, хто загінуў за незалежнасьць Беларусі.

(Ксёндз: ) “На сьвятой імшы мы молімся дзеля памяці парафіянаў, жывых і памерлых. Перад абліччам Бога ўзносім словы малітвы на карысьць памерлых: Віктара Каліноўскага ў 140-гадавіну сьмерці, а таксама ягонага брата Кастуся і ўсіх, хто памер за незалежнасьць Беларусі”.

У касьцёле быў вядомы мастак Алесь Пушкін, які ўпершыню прыехаў у Сьвіслач.

(А.Пушкін: ) “Каго любіш? “Люблю Беларусь.” Дык узаемна,—вось з гэтых словаў я сёньня пачаў прывітаньне зь людзьмі, якія мяне сустракалі ў мястэчку Сьвіслач. Даўно ўжо марыў пабыць у Сьвіслачы, наведаць магілу Віктара Каліноўскага, і я сёньня – тут”.

Удзельнікі наведалі магілу Віктара Каліноўскага, затым зь бел-чырвона-белымі сьцягамі рушылі да помніка Кастуся Каліноўскаму, каб ускласьці кветкі. Мясцовыя патрыёты наноў пафарбавалі кастусёў бюст. Потым удзельнікі наведалі помнік Рамуальду Траўгуту—апошняму кіраўніку паўстаньня 1863-64 гадоў, побач зь якім знаходзіцца яшчэ адзін бюст Кастуся Каліноўскага, які ўсталяваны адносна нядаўна.

У Якушоўцы ля падмуркаў сядзібы Каліноўскіх—крыж і камень з мэмарыяльнай шыльдай. Там прамовіў Уладзімер Хільмановіч—кіраўнік абласной філіі Фонду Льва Сапегі.

(Хільмановіч: ) “Сёлета юбілейныя ўгодкі і зь дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага і зь дня нараджэньня Віктара Каліноўскага, і 140-я ўгодкі пачатку паўстаньня. Магіла Віктара Каліноўскага—яна сымбалізуе магілы ўсіх паўстанцаў, а гэты крыж—ён таксама памяці ўсіх паўстанцаў, нашых славутых герояў. Ня так шмат у нас такіх памятных месцаў”.

Выступіў з прамовай таксама Хведар Нюнька—сябра Рады БНР, старшыня таварыства беларускай культуры у Вільні.

(Нюнька: ) “Існуючы на Беларусі рэжым ушаноўвае памяць, робіць мэмарыяльныя шыльды, ставіць помнікі здраднікам і калябарантам Беларусі, а сапраўдных сыноў не ўшаноўвае і нават іх зьніштажае. Будучыня належыць вам. Жыве Беларусь!”

Крыніца

No comments: